Беларусь часткова аднавіла пастаўку бензіну і дызелю ва Украіну і Польшчу

25/04/2019 - 14:25

Беларусь часткова аднавіла экспарт бензіну і дызельнага паліва ва Украіну і Польшчу. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на намесніка старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзіміра Сізова.

"Намі прынятае рашэнне задаволіць часткова патрэбы замежных контрагентаў, з якімі заключаны кантракты на пастаўку нафтапрадуктаў. Цяпер прынятае рашэнне аб пастаўцы каля 32 тысяч тон дызельнага паліва ў напрамку Украіны, 8 тысяч тон дызельнага паліва ў напрамку Польшчы і каля 10 тысяч тон аўтамабільных бензінаў таксама ў напрамку ўкраінскага рынку", — паведаміў чыноўнік.

Учора на наваполацкі "Нафтан" пачалася пастаўка "чыстай" нафты па галіне Сургут-Полацк. Сізоў распавёў, што цяпер "Нафтан" працуе на загрузцы 12 тысяч тон нафты ў суткі, Мазырскі НПЗ — 18 тысяч тон нафты ў суткі. Гэтыя аб'ёмы перапрацоўкі дазволілі стварыць неабходны страховачны запас нафтапрадуктаў для ўнутранага рынку. Менавіта там было вырашана часткова аднавіць экспарт.

На мінулым тыдні "Белнафтахім" заявіў, што якасць пастаўленай расійскай нафты рэзка пагоршылася. У выніку паставак няякаснай сыравіны было пашкоджанае дарагое абсталяванне на Мазырскім НПЗ. 

24 красавіка Польшча спыніла транзіт нафты па нафтаправодзе "Дружба" на няпэўны тэрмін. Ад няякаснай расійскай нафты адмовілася таксама Германія.

Сёння "Белнафтахім" назваў папярэднюю суму стратаў ад паставак няякаснай нафты з Расіі — 100 мільёнаў долараў. 

Больш падзей 25 красавіка ў праграме "Еўразум"

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі