БАТЭ пацвердзіў, што Ермаковіч пакінуў пасаду галоўнага трэнера

05/01/2018 - 14:51

Футбольны клуб БАТЭ афіцыйна пацвердзіў адстаўку Аляксандра Ермаковіча з пасады галоўнага трэнера каманды. 

Гаворыцца, што спецыяліст вырашыў пакінуць клуб, з якім ён быў звязаны з канца 1997 года. Сам Ермаковіч у развітальным слове адзначыў: "Надышоў той момант, калі я прыйшоў да высновы, што для руху наперад трэба нешта мяняць у жыцці. Таму і вырашыў расстацца з БАТЭ. Упэўнены, так будзе лепш і клубу, і мне".

Імя новага трэнера ФК БАТЭ не называе, але паводле неафіцыйнай інфармацыі ім можа стаць Алег Дулуб

11 сезонаў Ермаковіч быў у барысаўскай камандзе палявым гульцом. Пасля завяршэння сезона 2004 года ён стаў капітанам каманды і быў ім да завяршэння гульнявой кар'еры ў 2008 годзе. У якасці гульца ён быў пяціразовым чэмпіёнам Беларусі (1999, 2002, 2006, 2007, 2008), уладальнікам Кубка краіны (2006), срэбраным (1998, 2000, 2003, 2004) і бронзавым (2001) прызёрам чэмпіянату краіны, чатыры разы ўключаўся ў сімвалічную зборную чэмпіянату (1999, 2002, 2006, 2007).

Трэнерам каманды ён стаў у кастрычніку 2013 года. За чатыры гады самастойнай працы ён выйграў з БАТЭ 10 трафеяў: пяць разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі, адзін раз — уладальнікам Кубка, 4 — уладальнікам Суперкубка Беларусі. Таксама ён двойчы выводзіў БАТЭ ў групавыя турніры Лігі чэмпіёнаў (2014, 2015) і Лігі Еўропы (2017). У 2015 годзе Ермаковіча прызналі найлепшым трэнерам Беларусі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі