Баец палка Каліноўскага Урбановіч распавёў, як адчувае сябе пасля кантузіі

31/05/2022 - 15:00

Баец беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, лідар маладафронтаўцаў Дзяніс Урбановіч распавёў Еўрарадыё, як адчувае сябе пасля кантузіі.

"Справы добра: лячуся зараз больш-менш, левае вуха не чуе, магу хадзіць, ужо сёння на вуліцу выводзілі, галава не так баліць, — распавядае Урбановіч. — Лекар кажа, што ўсё адновіцца і будзе добра".

Пра тое, што Дзяніс Урбановіч трапіў у бальніцу з кантузіяй, стала вядома напярэдадні. Каля групы байцоў палка Каліноўскага выбухнула міна. Яны выконвалі заданне на поўдні Украіны. Якраз там украінскія войскі спрабуюць контратакаваць, прасунуліся на 8-10 кіламетраў. “Усё жывыя засталіся і вярнуліся з задання. А гэта самае галоўнае”, — дадае Урбановіч.

Дзяніс Урбановіч здолеў нелегальна перабрацца з Беларусі ва Украіну ў канцы мінулага года. На радзіме яго шмат разоў затрымлівалі, ён агулам правёў за кратамі больш за 200 дзён. Летась пагражала крымінальная справа за "арганізацыю ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", і актывіст вырашыў пакінуць Беларусь. Пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны Урбановіч уступіў у шэрагі беларускіх добраахвотнікаў. Цяпер гэта полк імя Каліноўскага, які ўваходзіць у склад Узброеных сіл Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі