Бацькі студэнтаў МДЛУ абураны рэпрэсіямі і пагражаюць не плаціць за вучобу

09/11/2020 - 07:33

Бацькі і законныя прадстаўнікі студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ), які стаў ад пачатку верасня адным з найбольш "пратэставых" ВНУ, апублікавалі зварот да рэктаркі Наталлі Лапцевай.

"Мы патрабуем адмяніць загады аб адлічэнні і безумоўна аднавіць усіх студэнтаў, адлічаных 29.10.2020 г., а таксама спыніць пачаты працэс адлічэння іншых студэнтаў універсітэта", — патрабуюць бацькі.

Адлічэнні аўтары звароту лічаць незаконнымі і палітычна матываванымі.

"Мы патрабуем спыніць звальненні і пераслед выкладчыкаў, якія адкрыта выказваюць грамадзянскую пазіцыю, у тым ліку адстойваюць правы адлічаных студэнтаў. Грэблівае, палітычна матываванае стаўленне з боку адміністрацыі МДЛУ да найбольш каштоўнага рэсурсу ўніверсітэта — кадраў — прыводзіць да зніжэння якасці адукацыйных праграм і, як вынік, зніжэння ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў. Тым самым адміністрацыя МДЛУ парушае ўзятыя на сябе абавязацельствы па забеспячэнні якасці адукацыі згодна з арт. 24 Статута МДЛУ", — адзначаюць аўтары звароту.

Бацькі студэнтаў, якія навучаюцца на платнай форме, пагражаюць прыпыніць аплату вучобы.

Таксама бацькі выказваюцца супраць гвалту ў дачыненні да студэнтаў і патрабуюць ад адміністрацыі пайсці на дыялог са студэнцкімі ініцыятывамі.

Па стане на раніцу панядзелка 9 лістапада пад зваротам падпісалася больш за 130 бацькоў.

Раней падобны зварот зрабілі бацькі студэнтаў БДУІР. Яны таксама пагражаюць не аплачваць навучанне, пакуль парушаюцца правы іх дзяцей.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі