Віктар Бабарыка / lookby.media
Да ініцыятывы Віктара Бабарыкі Belarus Network за месяц далучыліся больш за 160 чалавек.
Пра запуск ініцыятывы экс-палітвязень абвясціў на пачатку жніўня. Паводле яго, Belarus Network плануецца як лічбавы інструмент для аб’яднання наяўных беларускіх ініцыятываў.
"Да канца жніўня да нас далучыліся каля 160 чалавек з больш чым 20 краін. Гэта айцішнікі і распрацоўшчыкі, прадпрымальнікі, маркетолагі, дызайнеры, рэжысёры, юрысты, людзі са сферы адукацыі, культуры і медыя", — кажа Бабарыка ў каментары выданню "Зеркало".
У верасні стваральнікі сеткі пачалі афлайн-сустрэчы: першая прайшла ў Варшаве, другая — ва Уроцлаве.
"Мы не фармуем каманды для Belarus Network, мы збіраем калектывы для асобна ўзятых праектаў. Мне вельмі спадабалася, што нават у межах сустрэчы людзі самаарганізаваліся: па пенсійнай праблеме знайшліся тыя, хто гатовы разам пачынаць яе вырашаць. /.../ Плюс ёсць дакладнае разуменне таго, што Belarus Network магла б закрываць адсутныя звёны — арганізацыйныя, тэхнічныя, забяспечанне кампетэнцый у галіне AI і IT-трансфармацыі", — дзеліцца падрабязнасцямі Бабарыка.
Паводле яго, цяпер працягваецца праца з удзельнікамі і фармулююцца першыя прадметныя ідэі. Напрыклад, падрыхтаваны і перададзены на падтрымку праект у галіне медыцыны. Ёсць два планы па пастаянным маніторынгу інфармацыйнага поля для разумення рэальных праблемаў людзей у Беларусі. Таксама рыхтуецца праект па прысутнасці Belarus Network у медыйнай прасторы.
Экс-банкір адзначае, што жыхары Беларусі маюць не тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца палітуцекачы:
"Сярод галоўных удзельнікі называюць дакументы і легалізацыю, бяспеку, раз’яднанасць, разрыў паміж беларусамі ўнутры краіны і дыяспарай, недавер да любых новых ініцыятываў з улікам негатыўнага досведу папярэдніх гадоў. Амаль у кожным адказе так ці інакш гучала тэма ізаляцыі, кінутасці і замкнёнасці ў сваёй эміграцыйнай бурбалцы. І ўсіх хвалюе пытанне: мы тут назаўсёды ці ёсць шанц вярнуцца ў Беларусь?"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут