Азербайджанскі беспілотнік разбамбіў аўтобус з армянскімі добраахвотнікамі

04/04/2016 - 19:30

У Нагорным Карабаху трэці дзень ідуць інтэнсіўныя баі паміж армянскімі (афіцыйна — войскам Нагорнага Карабаху, умацаваным добраахвотнікамі з Арменіі) і азербайджанскімі войскамі. Ідзе інфармацыйная вайна, кожны з бакоў падае фантастычныя лічбы пра страты праціўніка (сотні забітых і параненых салдат, дзясяткі падбітых танкаў і бронемашын), а праверыць іх праўдзівасць немагчыма.

Як паведамляе meduza.io, авіяўдар з азербайджанскага беспілотніка быў нанесены ў Нагорным Карабаху па аўтобусе з армянскімі добраахвотнікамі. Па розных звестках, загінулі 5-6 чалавек. Яны прыехалі ў Нагорны Карабах з Сюніка, з поўдня Арменіі. Сярод загінулых — двое сельскіх старастаў.

Увечары 4 красавіка міністр абароны Азербайджана аддаў загад войскам рыхтавацца для нанясення ўдару па сталіцы непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі Сцепанакерце, у выпадку, калі армянскі бок не спыніць абстрэлы. Афіцыйна ў канфлікце з абодвух бакоў загінулі каля 30 чалавек і некалькі мірных жыхароў. Аднак насамрэч, гэтая лічба ўжо большая. Баку заявіў пра 15 сваіх загінулых салдат, а войска Нагорнага Карабаху пра 20 загінулых.

Шэраг лідараў краін свету звярнуліся да кіраўнікоў Азербайджана і Арменіі з заклікам спыніць баявыя дзеянні.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі