Асуджанага журналіста Алега Груздзіловіча чакаюць яшчэ тры суды

04/07/2022 - 18:13

Асуджанага на паўтара гады карэспандэнта "Радыё Свабода" Алега Груздзіловіча чакаюць яшчэ тры суды. Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. 

Па інфармацыі БАЖу, "Мінсктранс" выставіў Груздзіловічу тры грамадзянскія пазовы — за спыненне транспарту падчас акцый летам і восенню 2020 года на агульную суму больш як 56 тысяч рублёў.

Паведамляецца, што месяц таму ў камеру да журналіста прыходзіў афіцэр, які патрабаваў, каб той падпісаў паперу, што першы суд адбудзецца 6 чэрвеня. Тады Алег паперу не падпісаў — ён хацеў, каб падчас судовага паседжання на ім прысутнічалі яго адвакат і жонка, бо сам 62-гадовы карэспандэнт знаходзіцца ў Магілёўскай калоніі.

Сёння сталі вядомыя даты судоў. Пазоў "Мінсктрансу" за шэсце па Партызанскім праспекце 18 кастрычніка 2020 года будуць разглядаць 15 ліпеня. Праз тыдзень, 22 ліпеня, чарговы працэс пройдзе ў судзе Маскоўскага раёну — за тое, што 16 жніўня на плошчы Незалежнасці Груздзіловіч у сіняй камізэльцы з надпісам "Прэса" і акрэдытацыяй МЗС Беларусі на грудзях працаваў з мікрафонам (у следчых ёсць такое фота). А 25 ліпеня ў Фрунзенскім судзе будзе разглядацца фота, дзе карэспандэнт 11 кастрычніка стаіць на праезнай частцы вуліцы Кальварыйскай (такі фотаздымак нібыта таксама ёсць).

Алега Груздзіловіча асудзілі 3 сакавіка 2022 году нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх (артыкул 342, ч.1 КК) летам і ўвосень 2020 года. У чэрвені рэпарцёр "Свабоды" 20 дзён правёў у ШІЗА. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі