Анісім: ТБМ папрасіла Мінюст пісаць па-беларуску — у адказ нам далі папярэджанне

25/08/2021 - 18:58

Ліквідаваць Таварыства беларускай мовы хочуць уплывовыя прыхільнікі ідэяў "рускага свету". Такую думку выказала кіраўніца аб'яднання Алена Анісім у гутарцы з "Беларускім партызанам". 

"Дзейнасць такіх грамадскіх арганізацый, што ідзе ўразрэз з ідэямі "рускага свету", не ўкладваецца ў іх карціну свету. Таму мы і сталі для іх "з горада ворагі". Мы ж не толькі самі размаўляем па-беларуску, Мы патрабуем выконваць заканадаўства, нават такое недасканалае, такое крывабокае", — выказала Анісім сваё меркаванне.

Па яе словах, чыноўнікі не выконваюць дзяржаўнае заканадаўства ў плане валодання дзяржаўнымі мовамі і перапіскі. Заўвага з боку ТБМ пра парушэнне моўнага заканадаўства, кажа Анісім, выклікала рэзкую рэакцыю з боку Міністэрства юстыцыі.

"У адным з сваіх лістоў у перапісцы з Мінюстам мы папрасілі: перапісвайцеся з намі на дзяржаўнай беларускай мове. У адказ прыляцела другое папярэджанне, а следам — пазоў у Вярхоўны суд аб ліквідацыі. Прама праглядаецца і дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце, і пераслед за грамадска-палітычную пазіцыю", — дзеліцца яна дэталямі.

Суд па ліквідацыі Таварыства беларускай мовы прызначаны на 27 жніўня. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі