Анархіст падаў у суд на тэлеканал АНТ і МУС

01/08/2017 - 06:29

Вячаслаў Касінераў падаў заяву ў суд Цэнтральнага раёна Мінска аб абароне годнасці і кампенсацыі маральнай шкоды. Адказчыкамі ён заявіў тэлеканал “Агульнанацыянальнае тэлебачанне” і вядоўцу тэлепраграмы “Нашыя навіны” Кацярыну Тышкевіч, а таксама Міністэрства ўнутраных спраў і начальніка мінскай міліцыі Аляксандра Барсукова, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Нагодай для заявы ў суд стаў відэасюжэт “Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Мінску, застанецца ў СІЗА да рашэння суда”. Касінераў лічыць, што гаворка ў сюжэце вядзецца пра яго, бо менавіта ён накінуў пятлю на скульптуру царскага паліцыянта. Падчас выхаду праграмы хлопец быў у СІЗА, пазней праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

У тэлесюжэце выступаў начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў, які заявіў: “Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку. І некаторыя, так званыя, праваабарончыя арганізацыі спрабуюць з яго зрабіць нейкую ахвяру. Якая ахвяра?! Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці. Ну, гэта ўжо неяк характарызуе, напэўна, вышэйпаказанага грамадзяніна”.

Касінераў заяўляе, што словы Барсукова не адпавядаюць рэчаіснасці: на момант выхаду тэлеперадачы ён толькі адзін раз прыцягваўся да крымінальнай адказнасці па абвінавачанні ў апаганьванні будынкаў і псаванні маёмасці.

"У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства і падвергнуты крымінальнай адказнасці інакш як па выраку суда і ў адпаведнасці з законам. Такім чынам, адказчыкам Барсуковым А.П. быў парушаны важнейшы прынцып крымінальнага закона — прэзумпцыя невінаватасці”, — напісаў анархіст у сваёй позве. 

Касінераў падкрэслівае, што выказванні тэлевядоўцы Кацярыны Тышкевіч і начальніка ГУУС, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, былі зробленыя публічна ў эфіры Другога нацыянальнага тэлеканала. Гэта прынесла яму маральныя пакуты, якія выявіліся ў пачуцці глыбокай абразы і прыніжэння, а таксама дыскрэдытацыі яго імя ў вачах грамадства.

Ён просіць суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаць звесткі, паведамленыя ў тэлесюжэце, не адпаведнымі рэчаіснасці. Адказчыкаў — АНТ, МУС, Кацярыну Тышкевіч і Аляксандра Барсукова — ён просіць выдаліць звесткі, быццам Касінераў "тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці", а таксама абвергнуць іх у праграме “Нашы навіны” на канале АНТ. У якасці кампенсацыі маральнай шкоды ён просіць спагнаць з адказчыкаў на сваю карысць 3000 рублёў.

Нагадаем, за пятлю на скульптуры гарадавога на Касінерава пачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў хуліганстве. Суд Маскоўскага раёна пакараў яго штрафам у пяць базавых велічыняў. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі