Аляксандр Лукашэнка: мы не можам адмяніць ні адно з масавых мерапрыемстваў

04/05/2020 - 12:10

У Беларусі не адменяць ніводнае масавае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня Перамогі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у гутарцы з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Перамовы ў фармаце відэканферэнцыі прайшлі 4 траўня. 

Беларускі кіраўнік паведаміў, што масавыя мерапрыемствы да Дня Перамогі рыхтаваліся яшчэ з канца мінулага года. Самае важнае сярод іх — парад Перамогі. Таксама на 8 траўня запланавана мерапрыемства ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Там закладуць капсулы з зямлёй, прывезенай з розных дзяржаў, гарадоў-герояў.

"Мы вывучалі шмат варыянтаў. Але я прыйшоў пасля вывучэння ўсёй інфармацыі да такой высновы, што мы не можам адмяніць ні адно з гэтых мерапрыемстваў. Мы ніводнага мерапрыемства не адмяняем", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі. 

Кіраўнік Беларусі заявіў, што нікога на масавыя мерапрыемствы не будуць цягнуць і заганяць. Па яго словах, там і так будзе дастаткова шмат людзей. 

Раней Лукашэнка тлумачыў, што ўлады не могуць адмяніць парад, бо гэта можа быць успрынята як боязь каранавіруса.

Як распавядала Еўрарадыё, 9 траўня ў цэнтры Мінска на плошчы Перамогі таксама адбудзецца святочны канцэрт.

На сёння ад каранавіруса ў Беларусі памерлі 103 чалавекі, агульная колькасць хворых перавысіла 17 тысяч пацыентаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі