Алкаголь у крамах забароняць прадаваць з 22.00 да 9.00

25/10/2016 - 12:47

Алкагольныя напоі па ўсёй Беларусі можна будзе прадаваць толькі з 9.00 да 22.00. Такія меры прадугледжваюцца ў праекце ўказу па абмежаванні продажу алкаголю.

Праект указа распрацоўвае Міністэрства ўнутраных спраў. Да 1 лістапада дакумент павінны ўнесці ў Савет міністраў. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на намесніка начальніка ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Сяргея Красуцкага.

Яшчэ адна абмежавальная мера — забарона на продаж алкаголю ў крамах, якія не маюць адасобленых таварных аддзелаў. Па словах Красуцкага, забарона будзе ўводзіцца толькі ў крамах плошчай ад 400 кв.м і больш.

Прадстаўнік МУС паведаміў, што гэта толькі першы крок, а пазней будуць прымацца іншыя меры па абмежаванні продажу алкаголю.

Красуцкі мяркуе, што гэтыя меры не прывядуць да павелічэння продажаў кантрафактнага алкаголю ў краіне. МУС выпрацавала неабходныя механізмы для барацьбы з нелегальным гандлем алкаголем. Па звестках праваахоўнікаў, нелегальны абарот алкаголю ў Беларусі скарачаецца.

Гандлёвае лобі, кажа Красуцкі, не паўплывае на падрыхтоўку праекта ўказа. Напрыклад, Гільдыя півавараў звярнулася ў МУС з заявай, што прыбыткі дзяржавы зменшацца ў выніку гэтых абмежаванняў. "Але вынікі даследаванняў адназначна кажуць пра тое, што даходы, якія атрымлівае дзяржава ад продажу алкаголю, у два разы меншыя за наступныя выдаткі", — падкрэсліў прадстаўнік МУС.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі