Бутэлька алею на фоне Брандэнбургскай брамы ў Берліне / lookby.media
Беларускія кампаніі працягваюць перапрацоўваць аграпрадукцыю, вывезеную з акупаваных тэрыторый Украіны. Потым яе прадаюць у Еўрасаюз пад выглядам беларускай. Пра гэта гаворыцца ў новым расследаванні арганізацыі экс-сілавікоў BELPOL.
З Украіны вывозіцца насенне рапсу і сланечніка, потым перапрацоўваецца ў Беларусі. Атрымліваецца рафінаваны сланечнікавы алей і шрот — пабочны прадукт перапрацоўкі. Прадукцыя афармляецца як беларуская і адпраўляецца на экспарт.
Паводле прадстаўніка BELPOL Мацвея Купрэйчыка, доля сапраўды беларускай сыравіны ў перапрацоўцы "наўрад ці дацягвае да 50%", а астатняе — "далёка не беларускае". У BELPOL кажуць, што ў схеме задзейнічанае беларускае ТАА "Пушчанскі фармат". Яно звязанае з кампаніяй "Трыял Эксперт", якая раней згадвалася ў кантэксце схемаў вывазу аграпрадукцыі з украінскіх тэрыторыяў.
У лістападзе 2024-га "Пушчанскі фармат" заключыў кантракт з нямецкай кампаніяй Lactos GmbH (Вісбадэн) на пастаўку 500 тонаў рафінаванага сланечнікавага алею. Сума ўгоды — 550 тысяч долараў. Тавар мусілі даставіць чыгункай праз беларуска-латвійскую мяжу.
У студзені 2025-га нямецкі бок папрасіў пазначаць у дакументах атрымальнікам грузу кампанію з ААЭ — Al Sham Food Factory L.L.C. Фармальна пры гэтым спасылаліся на перагрузку ў рыжскім порце. У BELPOL мяркуюць, што насамрэч гэта магло быць элементам схемы.
Таксама ў "Пушчанскага фармату" і ТАА "Дары палёў плюс" закупляла алей польская кампанія AVA Sunfield Sp. z o. o. Праз гэтую кампанію, кажуць расследвальнікі, алей перапрадаецца ў трэція краіны, у тым ліку ў Саудаўскую Аравію, а лагістыка праходзіць праз латвійскія парты. Сума асобных кантрактаў на пастаўку алею, як сведчаць дакументы, перавышала 600 тысяч долараў.
Шрот таксама прадаюць праз Польшчу — праз кампанію SEMENTA Sp. z o. o. У расследаванні фігуруе кантракт на суму 10 мільёнаў долараў. Праз яе шрот ідзе ў Нарвегію, прычым краінай паходжання тавару пазначаецца Казахстан. Як заяўляе Купрэйчык, з 2025 года было зроблена больш за 30 паставак у Нарвегію на агульную суму звыш трох мільёнаў долараў.
У BELPOL заклікаюць дадаць пералічаныя кампаніі ў санкцыйныя спісы, а еўрапейскіх імпарцёраў — правяраць паходжанне сыравіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут