“Агрэсар — рэжым, а не краіна”: што рабіць з калектыўным пачуццём віны

15/03/2022 - 12:33

Беларусь можна было б называць краінай-агрэсарам, калі б у 2020 годзе беларусы не выходзілі пратэставаць супраць кіраўніцтва краінай Аляксандрам Лукашэнкам, лічыць кіраўнік фонду By_Help Аляксей Лявончык.

— Калі б у 20-м годзе мы не выйшлі, можна было б падкідваць, што мы падтрымліваем вайну і нічога не зрабілі. Але мы ў 20-м выйшлі. Колькі доўжыліся гэтыя пратэсты, пакуль іх не пачалі сціскаць?

Беларусы ў 20-м годзе давялі, што яны не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Не, не на 97%, я б зняў ружовыя фіранкі з вачэй. У яго ёсць свой электарат. Але нават сярод ягонага электарату дамінуе наратыў “абы не было вайны”. І па ім Лукашэнка цяпер патаптаўся, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Лявончык.

Ён лічыць, што з гэтай прычыны нават сярод электарату Аляксандра Лукашэнкі падтрымліваць вайну будуць “працэнты тры”.

— Калі кажуць, што на тэрыторыю Украіны ад нас ляцяць ракеты, паўстае пытанне: а што свет зрабіў з тым, каб на нашай тэрыторыі было паменш Лукашэнкі? Чаму грунтоўныя санкцыі былі ўведзеныя толькі пасля таго, як быў пасаджаны самалёт з Пратасевічам? У гэты момант Лукашэнка стаў не дзіваком, які збівае людзей, а праблемай міжнароднай бяспекі. І тады з’явіліся санкцыі.

Мы таксама можам сказаць, што нас у 20-м годзе кінулі, рэзюмуе Лявончык.

— Спачатку гэта была наша праблема, цяпер яна стала і наша, і ўкраінская, і ўсёй Еўропы. Таму не, гэта рэжым — агрэсар.

Калі хочацца дапамагчы Украіне, ёсць шмат спосабаў гэта зрабіць. Напрыклад, дапамагчы людзям грашыма. Але не сядзець на канапе, кажучы, што беларусы — народ-агрэсар.

Поўную версію размовы глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі