Адваката Міхаіла Кірылюка хочуць пазбавіць ліцэнзіі

15/02/2021 - 07:59

Адваката Міхаіла Кірылюка пагражаюць пазбавіць ліцэнзіі за "некарэктныя выразы ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў", піша TUT.by. На думку Мінюста, такія выказванні "несумяшчальныя са званнем адваката". 

Сам адвакат кажа, што ў паведамленні яму не ўказалі правіну, якую Міністэрства юстыцыі лічыць несумяшчальнай са званнем адваката. На гэта ён указаў у сваім адказе ў Мінюст. 

"Атрыманае апавяшчэнне не адпавядае ў поўнай меры артыкулу 34 Канстытуцыі. Азначанае апавяшчэнне не паказвае, якія менавіта з маіх заяў у глабальнай сетцы інтэрнэт (на думку Міністэрства юстыцыі) утрымліваюць "некарэктныя выразы ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў" і з'яўляюцца ўчынкам, на думку Міністэрства юстыцыі, "несумяшчальным са званнем адваката". Не ўказаная дата публікацыі, не ўказаная крыніца публікацыі, не прыведзеная спасылка на адрас публікацыі ў сетцы інтэрнэт, не прыведзеная дакладная цытата заявы", — падкрэслівае адвакат.

У адзка, па словах Кірылюка, яму даслалі раздрукоўкі дзвюх публікацыяў. Аднак якія менавіта цытаты з гэтых публікацыяў не спадабаліся чыноўнікам Мінюста, пазначана не было. Удакладняць інфармацыю супрацоўнікі міністэрства, як кажа адвакат, адмовіліся.

Пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці прызначанае на 19 лютага. На ім разгледзяць справы Кірылюка і некалькіх яго калег. 

Як паведамляла Еўрарадыё, на гэтым пасяджэнні будуць разглядаць справы Людмілы Казак (адкаватка Марыі Калеснікавай), Максіма Конана (абараняў пацярпелых падчас падзеяў 9-12 жніўня). Раней быў пазбаўлены ліцэнзіі Аляксандр Пыльчанка (адвакат Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай). 

Такая "вялікая чыстка" адвакацкай калегіі апошні раз была ў 2011 годзе. Тады без ліцэнзіі засталіся многія адвакаты, якія абаранялі інтарэсы ўдзельнікаў Плошчы-2010.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі