Адэса без вады і цяпла і начны ўдар па прыгарадзе Запарожжа — 286-я раніца вайны

06/12/2022 - 06:13
Ліквідацыя адэскімі ратавальнікамі наступстваў атакі / t.me/dsns_telegram

Сёння ноччу расіяне абстралялі ракетамі прыгарад Запарожжа. Ёсць разбурэнні, кажа старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух. Адна з ракет трапіла па тэрыторыі Сцепнянскай тэрытарыяльнай грамады. Тут пашкоджаныя аб'екты крытычнай інфраструктуры і жылыя дамы. Але людзі, па папярэдняй інфармацыі, не пацярпелі.

Пад абстрэлам ноччу быў і Нікапальскі раен Днепрапятроўскай вобласці. Білі цяжкой артылерыяй. У Нікапалі пашкоджаныя больш за 10 прыватных дамоў, гаспадарчая пабудовы, газаправод і лінія электраперадач, распавядае кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.

Наступствы абстрэлу Нікапольскага раёна / @dnipropetrovskaODA

З-за ўчорашняй масіраванай ракетнай атакі без вады і цяпла засталіся жыхары Адэсы. У "Укрэнерга" абяцаюць вырашыць праблему з электрычнасцю ў бліжэйшыя пару дзён. "Калі сітуацыя не палепшыцца, падвоз вады ва ўсе раёны горада будзе ажыццяўляцца спецыялізаванымі машынамі",кажа гарадскі галава Генадзь Труханаў. Сагрэцца і падзарадзіць гаджэты ў Адэсе можна ў "Пунктах нязломнасці".

У выніку ўчорашняй масіраванай атакі па Украіне загінулі чатыры чалавекі, распавёў у традыцыйным відэазвароце прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі. Вядома, што 2 чалавекі загінулі ў выніку расійскага ўдару па вёсцы Навасафіеўка ў Запарожскай вобласці. Яшчэ тры чалавекі там атрымалі раненні, у тым ліку маленькае дзіця, якому няма і двух гадоў.

"На жаль, мы пакуль яшчэ не можам даць поўную бяспеку нашага неба — было некалькі трапленняў. На жаль, ёсць ахвяры", — сказаў Зяленскі. Па яго словах, энергетыкі адразу пачалі аднаўленчыя працы. Нromadske нагадвае, што расіяне выпусцілі ўчора па Украіне больш за 70 ракет. Было тры хвалі нападаў. Супрацьпаветранай абароне ўдалося збіць больш за 60 ракет.

У Расіі тым часам кажуць аб новай атацы на аэрадром. Учора, нагадаем, расійскія СМІ паведамлялі аб выбухах на аэрадромах у Саратаўскай і Разанскай абласцях. Сёння пра атакі беспілотніка заявіў губернатар Курскай вобласці Раман Старавойтаў. Паводле яго словаў, у выніку атакі загарэўся назапашвальнік нафты, пацярпелых няма.

Тым часам у МЗС Расіі пацвердзілі, што вядуць перамовы з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ) для стварэння "зоны бяспекі" вакол Запарожскай АЭС. Але адначасова заявілі, што не аддадуць кантроль над станцыяй нейкаму другому боку. Калі гэта адбудзецца, невядома: прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава адзначыла, што пакуль рана гаварыць аб тэрмінах дасягнення якога-небудзь пагаднення. Нагадаем, некалькі дзён таму гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі ў інтэрв'ю La Repubblica казаў, што ў перамовах аб "зоне бяспекі" вакол Запарожскай АЭС "дасягнуты сур'ёзны прагрэс", і адпаведнае пагадненне можа быць дасягнута да канца года.

Аб сітуацыі на фронце. Расійскія войскі паступова прасоўваюцца ў раёне Бахмута, але яшчэ не атачылі горад, вядуць наступальныя аперацыі ў раёне Аўдзееўка-Данецк. Невялікія расійскія штурмавыя групы колькасцю 15-20 чалавек спрабуюць пранікнуць праз украінскія пазіцыі ў горад, гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны. Адначасова, па дадзеных аналітыкаў, расіяне працягваюць абараняць свае пазіцыі на лініі Сватава-Крэменная ад украінскіх нападаў.

Аб наступальных аперацыях расіян на Бахмуцкімі Аўдзееўскім напрамках гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Украінскія вайскоўцы адзначаюць, што на гэтых напрамках праціўнік "актыўна выкарыстоўвае авіяцыю для падтрымкі дзеянняў сваіх сухапутных груповак".

Карта баёў у Данецкай вобласці 5 снежня 2022 года / understandingwar.org

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў ўчора размаўляў па тэлефоне з амерыканскім калегам Лойдам Осцінам. Пра гэта Рэзнікаў распавёў у Twitter. Размова адбылася адразу пасля расійскага масіраванага ракетнага ўдару. Міністры абмеркавалі далейшыя крокі па ўмацаванню ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.

Па стане на канец кастрычніка Злучаныя Штаты паставілі ва Украіну больш за 900 тысяч стандартных і 4 тысяч высокадакладных 155-мм артылерыйскіх снарадаў. ЗША — пры бягучых тэмпах вытворчасці — спатрэбіцца пяць-шэсць гадоў, каб папоўніць свае запасы да папярэдняга ўзроўню. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай напярэдадні справаздачы Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі