Створаны Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў

30/04/2024 - 12:07

У Беларусі на сённяшні дзень налічваецца амаль 1400 палітвязняў / shutterstock / Fanni_2021

У Нарвегіі стварылі Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў. Прадугледжваецца медычная, матэрыяльная і псіхалагічная дапамога, а таксама рэабілітацыя для асоб, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. З такой ініцыятывай выступіла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская.

Падчас візіту ў Осла Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Стэрэ. Ён пацвердзіў, што яго краіна выдзеліць 10 мільёнаў нарвежскіх крон (больш за 900 тысяч долараў) як першы ўнёсак у фонд. Распараджацца ім будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям.

Міністэрства замежных спраў Нарвегіі "працуе над фармалізацыяй працы фонду". Унесці сродкі ў фонд змогуць як іншыя ўрады, так і міжнародныя арганізацыі і патэнцыйныя донары.

У Беларусі на сённяшні дзень налічваецца амаль 1400 палітвязняў.

Падчас сустрэчы ў Осла / t.me/tsikhanouskaya/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі