Абвінавачанні па “справе БелТА” выстаўленыя 14 журналістам

13/11/2018 - 12:45

Абвінавачанні па скандальнай "справе БелТА" выстаўленыя 14 журналістам. Такую лічбу афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова назвала ў каментары прэс-службе БАЖ.

Канчатковая сума шкоды, якую журналісты, на думку следства, нанеслі інфармагенцтву БелТА, будзе названая пазней. 

Раней паведамлялася, што сярод абвінавачаных па "справе БелТА" праходзяць шэсць супрацоўнікаў інтэрнэт-партала TUT.BY, а таксама галоўны рэдактар інфармагенцтва ​​БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік гэтага агенцтва Таццяна Каравянкова, журналіст Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар ​​інтэрнэт-сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. З усіх іх узялі падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Нагадаем, у рэдакцыях партала tut.by і інфармагенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэрах журналістаў 7-9 жніўня прайшлі ператрусы. Праваахоўнікі затрымалі на некалькі дзён галоўнага рэдактара tut.by Марыну Золатаву, рэдактараў партала Ганну Калтыгіну, Галіну Уласік, Ганна Ермачонак, галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыну Леўшыну і міжнародную аглядальніцу БелаПАН Таццяну Каравянкову, уласнага карэспандэнта Deutsche Welle Паўлюка Быкоўскага, рэдактара сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксея Жукава.

Журналістаў вінавацяць у несанкцыянаваным доступе да навінавай падпіскі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Ім пагражаюць штрафы і нават пазбаўленне волі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі