Патрульны паліцэйскі Даніла распавёў hromadske.ua пра тое, як удаецца трымацца другі месяц у акружэнні ў Марыупалі. "Колькі тут сіл праціўніка? — кажа ён. — Цяжка падлічыць, іх тут проста арда".
У Марыупалі працягваюць ваяваць трое патрульных паліцэйскіх, а сярод іх начальнік упраўлення Міхайла Вяршынін (у яго было цяжкае раненне). Яны дзейнічаюць разам з іншымі ўкраінскімі падраздзяленнямі. Даніла — перасяленец з Данецка. З 2014-га Марыупаль стаў для яго родным горадам. "Ужо адзін раз я пакідаў свой дом, другі раз не хачу", — кажа ён. І прызнаецца, што была магчымасць выйсці з горада, але ёй не скарыстаўся, бо "як бы глядзеў у вочы сваім пабрацімам". У Марыупалі ва ўкрыцці памерла ад пнеўманіі яго бабуля. Пра сваё жыццё ў акружэнні Даніла піша ў Twitter.
"Горада Марыупаля больш няма, ёсць толькі руіны і больш нічога, — кажа паліцэйскі. — На гэта вельмі цяжка глядзець, але гэта і не дае кінуць зброю... У палон здавацца мы не будзем".
Даніла падкрэслівае, што гэта "пазіцыя ўсіх абаронцаў Марыупаля", якія яшчэ змагаюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут