47 еўрадэпутатаў запатрабавалі забраць у Беларусі чэмпіянат свету па хакеі

24/12/2020 - 06:17
47 дэпутатаў Еўрапарламента запатрабавалі адмяніць чэмпіянат свету па хакеі-2021 у Беларусі / violavoncramon.eu

47 дэпутатаў Еўрапарламента запатрабавалі адмяніць чэмпіянат свету па хакеі-2021 у Беларусі. І накіравалі адкрыты зварот да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазеля.

Еўрадэпутаты нагадалі, што статут Міжнароднай федэрацыі хакея выключае пры правядзенні спаборніцтваў любыя абразы ці прыніжэнні чалавечай годнасці, любыя формы фізічнага або сэксуальнага гвалту, маральнага ці псіхалагічнага ціску:

"Аляксандр Лукашэнка, жорсткі дыктатар і самаабвешчаны аматар хакея, ідзе насуперак усім маральным прынцыпамі, якімі даражыць ваша федэрацыя і праўдзівы дух спартыўнага майстэрства.

Лукашэнка і яго рэжым ўціскалі, збівалі, прыставалі, жорстка катавалі і гвалтавалі жанчын і мужчын, якія адстойвалі свае асноўныя правы.

Дыктатары, падобныя Лукашэнка, не паважаюць спорт так, як вы гэта робіце, яны выкарыстоўваюць яго для таго, каб узаконіць свой жорсткі рэжым і сімуляваць легітымнасьць. Зараз Міжнародны алімпійскі камітэт  ўсведамляе гэты бясспрэчны тэзіс і пачаў рабіць захады супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі", - гаворыцца ў лісце.

Еўрадэпутаты заклікалі не узаконьваць жорсткасць і прытрымлівацца прынцыпаў, якія дэкларуе статут Федэрацыі. І спадзяюцца, што чэмпіянат не будзе перанесены ў Расію, "якая застаецца адзінай крыніцай легітымнасьці Лукашэнкі".

Еўрапейскі парламент у рэзалюцыі прынятай 17 верасня 2020 года, ужо заклікаў Рэнэ Фазеля адклікаць чэмпіянат свету з Беларусі, дзе не выконваецца дэмакратыя і груба парушаюцца правы чалавека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі