30 гадоў таму быў створаны аргкамітэт Беларускага народнага фронту "Адраджэнне"

19/10/2018 - 08:54

30 гадоў таму быў створаны аргкамітэт Беларускага народнага фронту "Адраджэнне". Гэты грамадска-палітычны рух у савецкія часы змагаўся за дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Яго лідарам быў Зянон Пазняк.

Для стварэння БНФ за перабудову "Адраджэнне" яго арганізатары выкарысталі грамадскую арганізацыю "Мартыралог Беларусі". 19 кастрычніка 1988 года на яе пасяджэнні і было абвешчана пра стварэнне аргкамітэта (актыўны ўдзел у гэтым прыняў народны пісьменнік Васіль Быкаў). Устаноўчы з'езд фронту прайшоў у чэрвені 1989-га ў Вільні.

Стварэнне фронту адбывалася на фоне адкрыцця праўды пра Курапаты. З 1988-га ў Мінску праводзіліся масавыя вулічныя акцыі. У 1990-м група фронтаўцаў на чале з Зянонам Пазняком стала дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР. Пад ціскам дэпутацкай Апазіцыі БНФ парламент 25 жніўня 1991 года абвесціў дзяржаўную незалежнасць Беларусі.

На сённяшні дзень існуюць Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, якую ачольвае Зянон Пазняк (з 1996-га ён жыве за мяжой) і Партыя БНФ, яе лідар — Рыгор Кастусёў.

З нагоды юбілею ў цэнтральнай сядзібе БНФ (Мінск, вул. Чарнышэўскага, 3) сёння а 13-й гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы памятных рэчаў, перадвыбарчых плакатаў, налёпак, ўлётак, датычных гісторыі фронту з прыватных архіваў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі