20 гадоў таму Дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы таксама не хацелі публікаваць

03/12/2019 - 11:58
Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы

20 гадоў таму, 8 снежня 1999 года, Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі Дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Улады тады доўгі час настойвалі на тым, што публікаваць тэкст дамовы не трэба.

"У апублікаванні тэксту <...> няма неабходнасці. Па-першае, насельніцтва рэспублікі двойчы выказвала станоўчае меркаванне адносна інтэграцыйных працэсаў з Расіяй. Па-другое, згодна з дзейным заканадаўствам кіраўнік дзяржавы мае права самастойна падпісваць такія дакументы", — тлумачыў тады Міхаіл Сазонаў, памочнік Аляксандра Лукашэнкі.

У 2019 годзе гісторыя паўтараецца з дарожнымі картамі па "паглыбленні інтэграцыі" паміж дзвюма дзяржавамі. Аляксандр Лукашэнка плануе падпісаць іх ужо з наступным прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 8 снежня — роўна праз 20 гадоў пасля таго, як паставіў подпіс пад Дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Змест дарожных карт улады вырашылі не раскрываць.

"Не сказаў бы, што людзі так ужо перажываюць з нагоды таго, якія дакументы будуць прынятыя адносна глыбейшай эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі. Я таксама сустракаюся з людзьмі і бачу: галоўнае, што іх хвалюе, — каб была праца, добрая зарплата і гэтак далей, — расказаў у інтэрв'ю пяці незалежным беларускім СМІ міністр замежных спраў Уладзімір Макей. — Пэўныя колы гэта, вядома, хвалюе, але яшчэ раз скажу: публікаваць нейкія праекты дакументаў ці нейкія напрацоўкі цяпер немэтазгодна. Давайце пачакаем пачатку снежня, калі адбудзецца сустрэча [Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна] і будуць прынятыя канкрэтныя рашэнні па ўсіх пытаннях".

Дарэчы, праект Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ўсё ж такі быў апублікаваны — у пачатку кастрычніка 1999 года. Тады нават было зладжанае яго грамадскае абмеркаванне.
 

1999 ці 2019? Тэст па інтэграцыі Беларусі і Расіі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі