ЗША працягнулі рашэнне пра змякчэнне санкцый у дачыненні да Беларусі

29/04/2016 - 16:25

ЗША працягнулі рашэнне аб змякчэнні санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў да 31 кастрычнiка 2016 года. Як інфармуе БелаПАН, у паведамленні Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў Амерыкі адзначаецца, што зроблена гэта было "з улікам кансультацый і ў каардынацыі з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША". Працягваецца "дазвол на здзяйсненне здзелак з беларускімі прадпрыемствамі, якія падпадаюць пад санкцыі згодна з указам прэзідэнта ЗША № 13405". Адзначаецца, што ён "не вызваляе заблакаваную уласнасць гэтых прадпрыемстваў".

Як вядома, санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад чэрвеня 2006-га ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў нашай краіне. Ад таго часу яны перыядычна падаўжаліся. У санкцыйны спіс патрапілі: "Беларускі нафтавы гандлёвы дом", канцэрн "Белнафтахім", Belneftekhim USA Inc., ААТ "Белшына", ААТ "Гродна Азот", ААТ "Гродна Хімвалакно", ААТ "Лакафарба", ААТ "Нафтан" і ААТ "Полацк-Шкловалакно".

29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода, дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышае 10 тысяч долараў, грамадзяне ЗША абавязаныя ставіць у вядомасць упраўленне кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента.

Днямі міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь і ЗША гатовыя да поўнай нармалізацыі адносін.

Што значыць "поўная нармалізацыя адносінаў" з ЗША?

Рашэнне ЗША прадоўжыць змякчэнне санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў — крок у правільным кірунку, заявіў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі