Камітэт сената ЗША па міжнародных адносінах пракаментаваў інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, якая адбылася 23 верасня ў Мінску.
У афіцыйным акаўнце камітэта ў Твітары з'явіўся допіс: "Той факт, што "інаўгурацыя" Лукашэнкі павінна была быць таямніцай, толькі яшчэ раз даказвае, што ён страціў усякую легітымнасць як лідар. Ён не прэзідэнт Беларусі і павінен сысці ў адстаўку".
Пазней з'явілася заява Дзярждэпартамента ЗША, што Лукашэнка не лічыцца законным кіраўніком Беларусі. Дзярждэп паўтарыў, што выбары 9 жніўня 2020 года не былі свабоднымі і сумленнымі.
Пра сваё непрызнанне Лукашэнкі як легітымнага кіраўніка Беларусі заявілі таксама прадстаўнікі Германіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Канады.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітро Кулеба на сваёй старонцы ў Твітары таксама паведаміў, што інаўгурацыя Лукашэнкі не азначае, што ён стаў легітымным кіраўніком дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.