ЗША: Мадура гатовы быў уцякаць, але “рускія сказалі застацца”

01/05/2019 - 09:58

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура гатовы быў пакінуць краіну 30 красавіка на фоне пратэстаў апазіцыі, але Расія адгаварыла яго ад такога кроку. Пра гэта ў інтэрв’ю CNN заявіў дзяржсакратаў ЗША Майк Пампеа.

“Мы назіралі цягам дня, Мадура даўно ніхто не бачыў. У яго быў падрыхтаваны самалёт, ён быў гатовы з’ехаць раніцай, як мы разумеем, але рускія сказалі яму, што ён мусіць застацца”, —  сказаў Пампеа.

Паводле яго інфармацыі, Мадура планаваў ляцець у Гавану.  

Расійскі МЗС назваў выказванні дзяржсакратара ЗША хлуснёй і абвінаваціў Вашынгтон у спробе дэмаралізаваць венесуэльскае войска. Мадура таксама назваў выступ Пампеа “хлуснёй і манімуляцыяй”.

Лідар апазіцыі Хуан Гуайдо напярэдадні заявіў, што атрымаў падтрымку вайскоўцаў і распачаў заключны этап аперацыі па звяржэнні Нікаласа Мадура. У Каракасе аднавіліся вулічныя пратэсты і сутыкненні з вайскоўцамі. Пазней Мадура заявіў, што спроба дзяржаўнага перавароту правалілася, а Гуайдо запэўнівае, што 1 траўня пратэсты працягнуцца, паведамляе Бі-бі-сі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі