Зранку 20 лістапада над Гомелем пралятала хуткасная цэль

20/11/2026 - 13:50

Дрон, ілюстрацыйнае фота / mil.in.ua

На досвітку 20 лістапада жыхары паўночна-ўсходняй часткі Гомеля чулі хуткасную цэль, якая праляцела нізка над дамамі. Гэта адбылося ў той час, калі Расія вяла масіраваную паветраную атаку па тэрыторыі Украіны.

Гомельцы падзяліліся ўражаннямі ў сацсетках, заўважыў "Флагшток". Яны пішуць аб рэзкім гуку ў небе, які чулі каля 7:25-7:50:

"Быццам проста за акном знішчальнік праляцеў ці нешта накшталт такога з жахлівым гукам за пару секундаў. Пачула гэты гук — і як падскочыла, рукі дагэтуль трасуцца".

"Я такога раней гуку не чула, такое адчуванне, як быццам магутны салют запускалі, літаральна некалькі секунд і ўсё, было жудасна".

"У 7:40, Крупская, ішлі з дзіцем у школу. Ад гуку прыгнуліся. Адчуванне, што праляцеў дзесьці проста над галавой".

На відэа маніторынгавага канала "Рында маніторыць" пазначанае ўварванне мінімум двух дронаў каля 6:20, якія рухаліся ў кірунку Гомеля. Згодна з анлайн-картай паветраных трывог ва Украіне, залётаў у бок Гомеля і іншых населеных пунктаў магло быць некалькі. Гомельцы, як мяркуе "Флагшток", маглі чуць пралёт рэактыўнай "Герані". Дрон мог прыляцець у Беларусь як з тэрыторыі Украіны, так і адразу з тэрыторыі РФ.

Таксама "Флагшток" адзначае, што праз выступ Брагінскага раёна ва Украіну ляцелі расійскія крылатыя ракеты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі