Зоаабаронцы высвятлялі, як на школьнай ялінцы развешвалі жывых пеўняў

13/01/2017 - 05:31

Сярэдняя школа №1 Гомеля напярэдадні Новага года адзначылася скандальнай гісторыяй. На школьную ялінку былі вывешаныя жывыя пеўні ў клетках. Як вядома, 2017 год паводле ўсходняга календара лічыцца годам Пеўня.

Гомельскія зоаабаронцы высветлілі ў дырэктаркі школы №1 Таццяна Сутормы, што птушкі апынуліся ў клетках ўсяго на адзін дзень, піша homel.greenbelarus.info. Па яе словах, у гэты дзень у школе ладзілася мерапрыемства пад назвай "Ялінка свету". Пеўняў прывезлі за некалькі хвілін да пачатку святочнага канцэрта, а пасля яго звезлі назад. Дырэктарка паведаміла, што ініцыятыва  акцыі з птушкамі ішла ад Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру.

Тым часам абаронцы жывёлаў пачалі пісаць скаргі ў Мінадукацыі, Палату прадстаўнікоў і Гомельскі гарвыканкам. У прыватнасці, такія лісты накіравала эколага-культурная асветніцкая ўстанова "Цэнтр этычных адносін да прыроды". Яе супрацоўнікі падкрэсліваюць, што такая дэманстрацыя жывёлаў не выхоўвае ў маладых людзей дабрыню і адказнасць. Зоаактывісты заклікаюць забараніць арганізацыю такіх выставаў з удзелам жывёл у навучальных установах і пакараць кіраўніцтва школы, якое, на іх думку, парушыла Кодэкс аб адукацыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі