Жудаснае забойства пад Лёзнам: жанчыну закапалі жыўцом

15/11/2018 - 12:54

Сталі вядомыя жудасныя дэталі забойства 28-гадовай віцяблянкі ў Лёзненскім раёне. Пра гэта паведамляе ўпраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, якое займаецца раследаваннем.

24 верасня 2018 года ў міліцыю звярнулася 24-гадовая жанчына і паведаміла, што супраць яе знаёмай учынілі супрацьпраўныя дзеянні. Правяраючы гэтую інфармацыю, праваахоўнікі знайшлі ў лесе ў Лёзненскім раёне закапанае ў зямлю цела жанчыны.

Судмедэкспертыза выявіла, што падчас пахавання жанчына была яшчэ жывая. Паводле звестак следства, забойства адбылося 18 верасня ў прамежак часу з 16:30 да 20:30.

Абвінавачанне ў забойстве, здзейсненым пры абцяжваючых абставінах выставілі 21-гадоваму мужчыну і 24-гадовай жанчыне. Іх узялі пад варту і прызначылі комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. 

Паведамляецца, што мужчына ўжо быў раней судзімы за ўгон транспарту. 

Следства выявіла, што абвінавачаны меркаваў здаваць пацярпелай кватэру ўнаём. На адным з сайтаў знайшлася абвестка, якую мужчына паспеў размясціць пасля злачынства. Падчас праверкі паказанняў на месцы знайшлі прыладу злачынства.

Расследаванне працягваецца.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі