Жанчыну асудзілі за жорсткае абыходжанне са шчанюком, што пацягнула яго гібель

30/09/2016 - 18:25

30 верасня суд Маскоўскага раёна Брэста вынес прысуд 54-гадовай мясцовай жыхарцы. Непрацуючую жанчыну асудзілі на 160 гадзінаў грамадскіх работ за жорсткае абыходжанне з жывёлай, што пацягнула яго пагібель, перадае БелаПАН.

Здарэнне адбылося ўвечары 31 траўня. Праз акно кватэры другога паверха жанчына выкінула шчанюка, які зваліўся на асфальт і загінуў. Сама жанчына пражывае ў кватэры разам з сужыцелем і яго братам-інвалідам.

Пра смерць жывёлы ў міліцыю паведамілі суседзі, якія сталі сведкамі ўчынку.

Падчас следства і на судзе жанчына распавяла, што прыйшла дадому і пабачыла шчанюка, якога яе сужыцель у гэты дзень падабраў на вуліцы. Жывёла не слухалася жанчыну, скуголіла і блыталася пад нагамі. Таму брэстаўчанка ўрэшце вырашыла пазбавіцца шчанюка і выкінула яго праз акно.

На судзе яна раскаялася ў зробленым і заявіла, што любіць жывёл. Свае паводзіны жанчына патлумачыла тым, што была ў нецвярозым стане, і крыўдай на сужыцеля, які ў гэты дзень не даглядаў брата-інваліда.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Дарэчы, сёння ў Кастрычніцкім судзе Мінску пачаўся працэс над Аляксандрам Радкевічам. Мужчыну вінавацяць у хуліганстве і жорсткім абыходжанні з жывёлай. Улетку 2016 года ён забіў сынавага шчанюка і выкінуў труп на лесвічную пляцоўку.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі