Жанчына, якой не дазволілі выехаць за мяжу, кінула ключы ў твар памежніку

01/08/2016 - 15:04

Жанчына, якой не дазволілі выехаць за мяжу, кінула звязку ключоў у твар беларускаму памежніку. Здарэнне адбылося яшчэ 11 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". 56-гадовая мінчанка збіралася выляцець ва Украіну рэйсам "Мінск — Кіеў". Аднак падчас пашпартнага кантроля высветлілася, што ў яе быў несапраўдны дакумент. Пасля заключэння шлюбу ў лістападзе мінулага года жанчына не памяняла пашпарт, хаця мусіла гэта зрабіць у 30-дзённы тэрмін. Зразумела, што выехаць за мяжу яна не змагла.

Раз'юшаная мінчанка звязкай ключоў нанесла лёгкія цялесныя пашкоджанні афіцэру-памежніку. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, у дачыненні зламысніцы распачалі крымінальную справу. Артыкул — "Гвалт альбо пагроза ў адносінах службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі" (ч. 1 арт. 366 КК). Мінчанцы пагражае штраф, папраўчыя працы, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі