Жанчына адсядзела за падпал і ўчыніла яго зноў, загінуў чалавек

15/06/2018 - 06:39

Жыхарка Мсціслаўскага раёна адбыла пакаранне за падпал і ўчыніла яго зноў, загінуў чалавек. Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, трагічнае здарэнне адбылося ў канцы сакавіка ў вёсцы Ракшына. Там згарэў дом, у ім знайшлі цела 37-гадовага мужчыны. Была праведзена праверка і высветлілася, што ў той вечар ён распіваў спіртныя напоі з 40-гадовай мясцовай жыхаркай і ў іх узнікла сварка ("на глебе асабістых непрыязных адносін"). Гаспадар дома канфліктаваць не хацеў і праводзіў жанчыну дахаты, але яна ўначы вярнулася. З помсты, ведаючы, што мужчына ўжо спіць, яна падпаліла дом.

Крымінальную справу распачалі па артыкуле "наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця (забойства) асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам" (пункты 2 і 5 часткі 2 арт. 139 КК). Адзначаецца, што раней падазраваная ўжо прыцягвалася да крымінальнай адказнасці "за наўмыснае знішчэнне маёмасці".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі