Зграя сабак тэрарызуе Слуцк і нападае на дзяцей

04/09/2019 - 13:27

Зграя сабак нападае на жыхароў Слуцка. Каб не трапіць на бяздомных жывёл, людзі абыходзяць прыватны сектар па вуліцы Максіма Багдановіча бокам. Мясцовыя жыхары расказалі Еўрарадыё, што цяпер баяцца выходзіць з дамоў, а чыноўнікі кажуць, што сабак у прыватным сектары не бачылі.

“Доктар не заходзіць на нашу вуліцу”

Уласнік дома на вуліцы Багдановіча распавёў Еўрарадыё, што 2 верасня сабакі напалі на хлопчыка, які вяртаўся са школьнай лінейкі.

“Ня ведаю, што там з ім далей было, але напужалі дакладна, — гаворыць жыхар вуліцы Багдановіча. — Участковы доктар ужо наш бок абыходзіць па іншай вуліцы. Мужыкі дарослыя дык яшчэ ідуць, а жанчыны, дзеці — баяцца. Сабакі рыжыя і каля “Еўраопта” бегаюць. Летась вельмі шмат было. Цяпер каля чатырох-пяці засталося. На дзяцей, якія ў школу № 1 праз Багдановіча ходзяць, зграяй нападаюць. І на жанчын таксама”.

Мужчына дадае, што сабакі жывуць у двары дома № 78, дзе гаспадары злоўжываюць алкаголем. Жывёл ніхто не глядзіць, таму галодныя сабакі і тэрарызуюць людзей. Камунальнікі неаднаразова адстрэльвалі сабак, але праз некаторы час з’яўляліся іншыя.

Адлавіць сабак не даюць абаронцы жывёл?

Тэлефануем у дом № 78 па вуліца Максіма Багдановіча. Жанчына расказвае, што сабакі нападалі і на яе. Яна дадае, што дом падзелены на дзве часткі, але суседзі, якія любяць выпіць, не гаспадары сабак.

Жанчына кажа, што бяздомныя жывёлы ствараюць праблемы па ўсім горадзе.

“Заяку ў ЖКГ падавалі, некаторых адлавілі, — распавяла Еўрарадыё жыхарка Слуцка. — Тыя, што цяпер тут, пастаянна некуды разбягаюцца. Сабакі не мае і не суседскія. Яны збіраюцца і каля паліклінікі, і каля “Еўраопта”. Збіраюцца і ў іншых месцах”.

Жыхарка вуліцы Багдановіча кажа, што бяздомных сабак даўно б ужо адлавілі камунальнікі, але знаходзяцца тыя, хто абараняе жывёл. Суразмоўніца прапануе людзям, якія шкадуюць сабак, забраць іх сабе дамоў.

Чыноўнік: па гэтай вуліцы сам хаджу на працу і ні разу сабак не бачыў

Намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Мікалай Пенязь расказаў Еўрарадыё, што бяздомных сабак у горадзе няшмат, але спецыяльную брыгаду на ўсялякі выпадак для адлову стварылі.

“Раніцай і вечерам людзі працуюць па адлове, — адказаў слуцкі чыноўнік. — Я на працу хаджу па гэтай вуліцы і ні разу не бачыў. Магчыма, днём сабакі і прабягаюць, але брыгады па адлове працуюць. Усіх сабак, якія без ашыйнікаў, адлоўліваюць”.

Мікалай Пенязь дадае, што сабак у Слуцку не адстрэльваюць, а адлоўліваюць сеткамі. Потым жывёл адпраўляюць у прыёмнік ЖКГ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі