Заўгас віцебскай школы 13 гадоў крала бюджэтныя грошы

20/09/2017 - 13:35

Віцебскі гараддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне крымінальнай справы на намесніка дырэктара адной з сярэдніх школ Віцебска. Як паведамляе служба СК, жанчыну абвінавацілі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым у буйным памеры.

Паводле звестак следства, 54-гадовая жанчына з 1991 года цягам 13 гадоў працавала дырэктаркай адной з сярэдніх школ Віцебска. Потым яна стала займаць пасаду намесніка дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце. 

У студзені 2004 года віцяблянка прадставіла дырэктару школы, які не ведаў пра яе злачынныя намеры, кандыдатуру свайго сужыцеля. Жанчына прапанавала ўладкаваць яго на пасаду рабочага па абслугоўванні будынкаў як сумяшчальніка на 0,5 стаўкі. Пры гэтым падазраваная меркавала, што фактычна мужчына штодня працаваць не будзе. Яго абавязкі яна збіралася размеркаваць на іншых падпарадкаваных ёй работнікаў з ліку тэхнічнага персаналу школы.

Сужыцелю яна сказала, што яму трэба будзе толькі па меры неабходнасці выконваць электрамантажныя працы. У лютым 2004-га яго аформілі на працу. 

Штомесяц складаючы табелі ўліку працоўнага часу, жанчына запісвала заведама ілжывыя недакладныя звесткі пра выкананне яе мужам працоўных абавязкаў і пра колькасць адпрацаванага часу. Потым яна зацвярджала ведамасці ў дырэктара школы і атрымлівала ў бухгалтэрыі аддзела адукацыі неабгрунтавана налічаны заробак і спадарожныя выплаты.

Паводле інфармацыі следства, з лютага 2004 года па травень 2017-га ў выніку злоўжывання службовым становішчам было выкрадзена больш за 6240 рублёў бюджэтных грошай. Яны былі атрыманыя як наяўнымі, так і праз банкаўскую картку, выдадзеную на імя мужа абвінавачанай.

Жанчына знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. Падчас следства яна цалкам кампенсавала прычыненую шкоду. 

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў суд для разгляду.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі