Адмена льгот павінна дапамагчы скараціць дэфіцыт бюджэту / Reuters
Намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко анансаваў адмену некаторых падатковых ільгот, даступных рэзідэнтам Беларусі.
— У бягучых рэаліях наспела пашырэнне падатковай базы за кошт адмены падатковых ільгот пры адначасовым удасканаленні спосабаў іх аплаты, — адзначае Кійко.
Якія канкрэтна льготы будуць адменены, Мінфін пакуль не ўдакладняе.
Урад ідзе на непапулярныя меры, каб папоўніць бюджэт. На 2021 год ён і так звярстаны з дэфіцытам. Першапачаткова Мінфін прагназаваў, што розніца паміж даходамі і расходамі бюджэту складзе мінус 4 млрд рублёў. Але дэфіцыт вырас яшчэ на 2 млрд.
Усяго, паводле ацэнак урада, падатковыя льготы ў 2020 годзе былі супастаўныя з 5% ВУП. Гэта 7,35 млрд рублёў. Еўрарадыё паразмаўляла з эксперткай пра тое, каго можа закрануць адмена льгот і як гэта адаб'ецца на эканамічных паводзінах людзей і чаканнях бізнесу.
Згодна з Падатковым кодэксам, ільготы па падатках, зборах (пошлінах) — гэта магчымасць не выплачваць падатак, збор (пошліну) альбо выплачваць іх у меншым памеры. Інакш кажучы, размова не толькі пра льготы, якімі карыстаюцца рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій — і якія першымі прыходзяць у галаву пасля навіны з Мінфіна.
— Напрыклад, гэта маёмасны вылік, сацыяльны. Падатковыя стаўкі, паніжаныя ў параўнанні з агульнаўстаноўленымі. Пакрыццё сумы падатку. Дарэчы, апошняя льгота ў нас ужывалася толькі ў некаторых інвестыцыйных праектах, — расказвае сябра праўлення, экспертка Асацыяцыі падаткаплацельшчыкаў, дарадца адвакацкага бюро "Гарэцкі і партнёры" Наталля Зварано. — Там, дзе ў нас вызваленне ад выплаты або меншы падатак: у ПДВ, які можа быць не 20 адсоткаў, а 10 або 0, у падатку на прыбытак, у падаходным падатку — гэта ўсё падатковая льгота.
Падатковыя льготы могуць мець і іншы выгляд. Такі, які ўсталюе Аляксандр Лукашэнка.
Наша суразмоўніца адзначае, што рашэнне аб адмене льгот з'явілася не ў апошнія месяцы.
— Калі пісаўся Падатковы кодэкс, які ўступіў у рэдакцыі 2019 года, там адразу ў агульнай частцы закладвалася норма аб пастаянным маніторынгу Міністэрствам фінансаў эфектыўнасці падатковых ільгот. Тры гады адбываўся маніторынг. А па яго выніках частка льгот падлягала б адмене ў кожным разе.
У Беларусі можна працаваць у розных падатковых рэжымах. Іх не трэба блытаць з ільготамі. Напрыклад, пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання, якой карыстаюцца ІП, адлічэнні атрымліваюцца ніжэйшыя, чым пры звычайнай. Але гэта не льгота — гэта асаблівы падатковы рэжым. Адпаведна, раз Мінфін цяпер гаворыць пра адмену менавіта падатковых ільгот — гэта не пра такую базавую рэч для індывідуальных прадпрымальнікаў, як спрошчаная сістэма падаткаабкладання.
Адзіны падатак — гэта таксама спецыяльная сістэма падаткаабкладання.
— Разам з тым у рамках рэжымаў падаткаабкладання ёсць і падатковыя льготы. Калі мы возьмем "Вялікі камень" або Аршанскі раён, то там ёсць вызваленне ад выплаты. Для Аршанскага раёна, напрыклад, гэта вызваленне ад выплаты падатку на прыбытак, — працягвае Наталля Зварано.
Экспертка адзначае, што ёсць шмат кропкавых ільгот па фізічных асобах і ІП:
— Ёсць адрасныя льготы, якія ўжываюцца толькі паводле ўказаў і дэкрэтаў. У рамках нейкіх інвестпраектаў могуць быць дадзены падатковыя льготы. І не заўсёды гэтыя дакументы даступныя. У нас ёсць дэкрэт №10, які дае льготы проста па інвестдамовах, якія даступныя ўсім. Там прапісана, што могуць быць і яшчэ больш ільготныя ўмовы інвеставання. Але яны даюцца ўжо па ўказе Лукашэнкі.
На думку Наталлі Зварано, магчымая адмена вызвалення ад выплаты ПДВ для некаторых тавараў і льгот па аперацыях з каштоўнымі паперамі.
— Калі мы гаворым пра ПДВ, гэта наўпрост датычыцца бізнесу. Калі пра падаходны падатак, то даходаў фізічных асоб. Гэта можа закрануць, напрыклад, вызвалення ад падатку на нерухомасць. Калі ў вас дзве кватэры, то вы сёння плаціце падатак толькі па адной. А тая, у якой вы жывяце, вызваляецца ад падатку.
Яшчэ пад адмену можа трапіць ільгота на продаж аднаго транспартнага сродку ў год.
— Тады ўсе продажы транспартных сродкаў будуць падлягаць падаткаабкладанню. Гэта, вядома, адразу б'е па спажывецкім кошыку фізічных асоб, таму што іх даход скарачаецца. Адпаведна, гэта будзе скарачаць і аперацыі, якія здзяйсняюць фізічныя асобы на рынку нерухомасці альбо на транспартным рынку. Што запавольвае здзелкі паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі.
Дакладна сказаць, наколькі адмена падатковых ільгот папоўніць бюджэт, складана. Бо пакуль Мінфін не кажа, якія льготы палічыць тымі, што падлягаюць адмене. А вось на настроях бізнесу і эканамічнай актыўнасці людзей гэта ініцыятыва ўрада абсалютна дакладна адаб'ецца негатыўна, лічыць Наталля Зварано.
— Бізнес і так мае настроі не самыя лепшыя. Хтосьці з уласнікаў ужо з'ехаў, і гэта не адзін і не два. Хтосьці пакуль узважвае ўсе за і супраць. Для некаторых можа быць незваротна страчаны эканамічны сэнс дзейнасці. Таму што, акрамя падатковых адабранняў, ёсць яшчэ аб'ектыўныя фактары, як падаражэнне сыравіны, складанасці з пастаўкамі, зніжэнне попыту. Гэта дасць негатыўны эканамічны эфект.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут