Загінуў Алі Абдала Салех — былы прэзідэнт Емена

04/12/2017 - 17:30

Былы прэзідэнт Емена Алі Абдала Салех загінуў у сталіцы краіны ў выніку нападу паўстанцаў-хусітаў, сваіх былых саюзнікаў, перадае Бі-Бі-Сі.

У інтэрнэце ўжо з'явіілся фатаграфіі і відэазапісы чалавека, падобнага да Салеха, са смяротным раненнем у галаву.

На пачатку грамадзянскай вайны ў Емене Салех заключыў саюз з паўстанцамі-хусітамі. Да мінулага тыдня яны разам змагаліся супраць цяперашняга прэзідэнта краіны Аррабуха Мансура Хадзі. Але паміж хусітамі і прыхільнікамі Салеха ўзніклі канфлікты — у прыватнасці, з нагоды таго, хто будзе кантраляваць галоўную мячэць у сталіцы краіны Сане. Напрыканцы лістапада гэта выклікала сур'ёзныя сутыкненні, пры якіх загінулі не менш за 125 чалавек, больш за 200 атрымалі раненні.

У суботу Салех прапанаваў "адкрыць новую старонку" ў адносінах з кааліцыяй, якая падтрымлівае прэзідэнта Хадзі. Кааліцыю ўзначальвае Саудаўская Аравія. Салех прапанаваў кааліцыі спыніць бамбаванні Емена і адмяніць блакаду краіны. Кааліцыя і Хадзі віталі гэтую заяву. Але хусіты абвінавацілі Салеха ў спробе перавароту супраць саюзнікаў.

У панядзелак, 4 снежня, хусіты ўзарвалі дом Салеха ў цэнтры сталіцы. Пасля гэтага з'явіліся паведамленні пра яго гібель.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі