За здачу карупцыянераў беларусам будуць плаціць да 10,5 мільёна рублёў

09/02/2016 - 14:49

Беларусам будуць плаціць за "здачу" хабарнікаў: 6,3 мільёна (30 базавых) — калі карупцыйнае злачынства не цяжкае і да 10,5 мільёна (50 базавых) за больш значнага злачынцу. З гэтых выплат нават не трэба будзе плаціць падатак. Адпаведную пастанову 5-га лютага падпісаў Савет міністраў.

"Калі адчуваеце, што вас схіляюць да дачы хабару, то найперш трэба пісаць заяву. А ўжо сістэма зробіць праверку, там цэлы комплекс мерапрыемстваў, і калі гэта пацвердзіцца, то ўжо справа тэхнікі. Але ж адразу не дадуць, толькі калі справа ляжа пракурору на стол", — тлумачаць сэнс працэдуры ў Генпракуратуры.

Наплыву заяў на чыноўнікаў у сувязі з новаўвядзеннем праваахоўнікі не чакаюць. Таму і за грошы, якія трэба будзе выплачваць, не хвалююцца.

"Усё новае пакуль дакладна не вядома, як спрацуе. Але наплыву не чакаецца. І грошы знойдуцца", — дадаюць у Генпаркуратуры. 

Грошы людзям за злоўленых карупцыянераў будзе выдзяляць Міністэрства фінансаў.

Вылоўліваць парушэнні чыноўнікаў можна будзе нават па сайтах дзяржзакупак, калі з'явяцца падазрэнні.

"Гэтая пастанова, у шырокім сэнсе, "Аб карупцыйных праявах", а тэндары "няправільныя" — гэта таксама карупцыйнае злачынства", — удакладняюць у Генпракуратуры.

Несумленных скаржнікаў таксама могуць прыцягнуць да адказнасці, распавядае у эфіры тэлеканала "СТБ" начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры Ігар Грэйба:

"Рашэння аб выплаце ўзнагароджанняў i iншых выплат будуць прымацца пракурорамі толькі калі само паведамленне фізічнай асобы пройдзе пэўную стадыю: даследчай праверкі, стадыю ўзбуджэння і расследавання справы. У выпадку паведамлення ў праваахоўныя органы недакладных, ілжывых, заведама непраўдзівых звестак грамадзяне будуць несці адпаведную крымінальную адказнасць".

Плату за дапамогу ў выяўленні карупцыянераў аўтар праекту Belarus Security Андрэй Паротнікаў называе іміджавым крокам. Бо грошы невялікія, а дабівацца іх давядзецца доўга.

"Улада дэманструе, што яна змагаецца з карупцыяй. Трэба разумець, што праваахоўная дзейнасць — гэта бюракратычная дзейнасць. І каб атрымаць гэтыя грошы, трэба шмат дакументаў. Гэта таксама працяг запужвання наменклатуры. Такая практыка існавала і дагэтуль. Напрыклад, у МУС ёсць свой прэміяльны фонд, з якога па рашэнні кіраўніцтва могуць аддзячыць цывільных асоб. Нешта падобнае было ў Ганконгу. Там, калі чалавек выяўляў іншага, хто незаконна нажыўся, і паведамляў пра яго, ён атрымоўваў адсотак з гэтага нажытага".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі