Антываенны мітынг у Варшаве / Еўрарадыё
Духата і цісканіна. Пра гэта расказваюць уцекачы з Украіны. Яны ратуюцца ад вайны ў перапоўненых цягніках: 300 чалавек у вагоне, разлічаным на 50 месцаў.
Духата і цісканіна. Пра гэта расказваюць удзельнікі антываенных мітынгаў у Беларусі. Толькі за намер паўдзельнічаць у такім мітынгу Аляксандра (імя зменена) закрылі ў шасцімеснай камеры. "На піку" ў ёй было 40 чалавек. Аляксандр кажа — гвалтоўна змясцілі ў "своеасаблівую гульню ў кальмара".
Калі ты ратуешся ад вайны, калі ты пратэстуеш супраць вайны, калі не хочаш вайны — цябе чакаюць духата і цісканіна.
Раніцай 24 лютага Аляксандру пачалі тэлефанаваць сябры і сваякі з Расіі. Яны ведалі, што ў жніўні 2020 года Аляксандра затрымалі, ведалі, што пасля гэтага затрымання ў яго з'явіліся расколіны ў рэбрах. І здагадваліся, што ён будзе рабіць у дзень, калі Расія напала на Украіну.
Яны не памыліліся. Яшчэ 24 лютага Аляксандр намаляваў антываенны плакат. Але ў той дзень ён не выйшаў з ім на вуліцу: сябры пераканалі, што больш за хвіліну яго пікет не працягнецца. А 27 лютага, у дзень рэферэндуму, Аляксандр паехаў на антываенную акцыю.
Пад'язджаючы да патрэбнага месца, таксіст сказаў: далей не паеду, дарогі перакрытыя. Аляксандр выйшаў з машыны. Праз некалькі хвілінаў яго затрымалі. Наступныя 15 сутак ён правёў у камеры.
На ўмовах ананімнасці ён расказаў сваю гісторыю Еўрарадыё.
— Думаў, што будзе больш жорстка. Думаў, што будзе паўтор жніўня. Тады, пасля жніўня, у мяне паўгода балелі рэбры. Гэтым разам білі толькі па галаве. Такога моцнага, як у 2020-м, фізічнага болю не было. Цяжэй было ад таго, што ўсё гэта цягнулася вельмі доўга. У жніўні — трое сутак, цяпер — цэлых 15.
Як усё здарылася? Я ехаў на антываенны мітынг. Выйшаў з таксі. Праз некалькі хвілінаў мяне перавялі ў іншае "таксі". Гэта было даволі нечакана. І хутка. Калі закідвалі ў машыну, асабліва не "кантавалі". Груба, з матам — але без фанатызму.
Прывезлі ў РУУС. Да супрацоўніка, які мяне афармляў, зайшоў нехта з калег. Ім не спадабалася мая ўсмешка. За гэта я атрымаў некалькі ўдараў у галаву. Пратакол я ўжо падпісваў без акуляраў, як і ў жніўні 2020 года. Яны ляжалі недзе на падлозе.
Яшчэ ў РУУС папрасіў патэлефанаваць маці, але атрымаў адмову. Толькі ў дзень суда блізкія пачулі мой голас.
З РУУС павезлі на Акрэсціна. Мінулым разам везлі пакутліва доўга. У жніўні, калі нас везлі ў Жодзіна, было нязносна горача. Цяпер нас учатырох запхалі ў "купэ" і даволі хутка прывезлі на месца — так я зразумеў, што мы ў цэнтры горада. Недалёка ад таго месца, дзе я жыў у дзяцінстве.
Тры дні нас марынавалі ў ізалятары. У камеры зганялі шмат людзей. Нас пераводзілі з камеры ў камеру. Склад пастаянна змяняўся. Гэта адбывалася нечакана. Мы назвалі гэта "тэтрыс". Перад адпраўкай у ЦІП на некалькі гадзін нас стала крыху болей за 80 у буфернай камеры на 8 месцаў.
Потым перавялі ў ЦІП. Калі мы стаялі тварам да сцяны, супрацоўнікі даволі голасна размаўлялі адзін з адным. Яны казалі, маўляў, "туча мужыкоў ператварылі туалет у камеры ў душавую кабіну".
Я таксама пачуў, што яны назіралі не толькі за тым, як мыліся мы, але і за дзяўчатамі. І сакавіта пераказвалі адзін аднаму, як гэта было.
— Шасцімесная камера. У першыя суткі ў ЦІП у ёй было каля 20 чалавек. Потым колькасць падвоілася. У канцы нас было 40.
Калі нас перавялі ў ЦІП, два дні камера была падобная да "хамама". Са сцен цяклі струменьчыкі вады. У нас былі тараканы. У нас былі клапы. Самае гідкае — клапы. Забіваеш клапа, з яго цячэ чыясьці кроў. Гэта брыдка. Я першы раз у жыцці ўбачыў клапа. Здаецца, нас наўмысна закінулі ў самую вясёлую камеру.
Меню? Асобная гісторыя. Найлепшы дзень — чацвер. Тады нас кармілі баршчом, бульбяным пюрэ з катлетай. Гэта быў самы смачны дзень.
Два разы на тыдзень нам давалі штосьці падобнае да памыяў — гэта было першай стравай. Уявіце сабе, што зварылі ў рондалі грэчку, а потым вырашылі гэты рондаль памыць і налілі вады. Тое, што засталося, перамяшалі і назвалі супам.
У пятніцы былі нейкія нясмачныя рыбныя катлеты "з вочкамі". Падавалі ніштаватую скумбрыю, хоць многія казалі, што яна "з душком". Хлеба давалі шмат. Мы не заўсёды яго бралі, а часам нават пазбаўляліся, каб не разводзіць тараканаў. Тараканаў мы знішчылі дні праз чатыры. На пяты дзень іх у камеры стала нарэшце менш, чым нас.
Я да гэтага часу трошкі падтупліваю. І тупіў у камеры не толькі я. Такое адчуванне, што нас кармілі нейкай тармазухай. Я і цяпер пераскокваю з тэмы на тэму — заўважаеце?
Супрацоўнікі ЦІП? Адзін вылучаўся на агульным фоне тым, што не лаяўся матам, звяртаючыся да нас.
Нас пастаянна спрабавалі напалохаць. Будзілі два разы за ноч: а 2-й гадзіне ночы і а 4-й раніцы. Спалі, дзе давядзецца. На падлозе, пад ложкамі, пад сталом. Матрацаў нам не давалі. У ЦІП спаць на ложка-месцы было, мякка кажучы, некамфортна. Там стаяць металічныя ложкі, без матраца спіш як на грылі. А ў ІЧУ насціл ложкаў быў драўляны — там было нашмат камфортней. Нічога не ўпівалася ў цела.
"Новенькіх" мы складвалі на гэтыя ложкі. Хтосьці ўжо паспаў да таго часу — саступіў сваё месца. Спалі па чарзе — днём, ноччу. Як атрымлівалася.
Першыя два дні ў нас не было кіслароду. Таму што нават па шматлікіх просьбах нам не адчынялі так званую "кармушку" — акенца ў дзвярах, у якое прасоўваюць ежу.
У нейкі момант нам выдалі гаечныя ключы, каб мы адкруцілі краты і адчынілі фортку. Пасля двух дзён без паветра мы змаглі глынуць кіслароду. Тут усе пачалі мерзнуць, таму што акенца няшчыльна зачынялася. Многія прастылі.
Ведаеш, калі доўга не стае паветра — а не, ты не ведаеш, — дык вось, калі доўга не стае паветра, ты потым не можаш ім надыхацца. Мы доўга не зачынялі гэтую фортку, і хлопцы, якія спалі на падлозе, пачалі тэмпературыць, кашляць. Многія прасілі нейкіх прэпаратаў, каб справіцца з кашлем. Я на агульным фоне даволі лёгка абышоўся. Хіба што адну ноч пяршыла ў горле, але потым сімптомы прайшлі.
Ніякай сувязі з блізкімі ўвесь гэты час не было. У мамы быў дзень нараджэння. Сваіх сукамернікаў, якія выйшлі раней, папрасіў патэлефанаваць ёй і павіншаваць.
Праз тыдзень у камеры з новымі затрыманымі пачалі з'яўляцца і актуальныя навіны. Мае сукамернікі? Большасць — з вышэйшай адукацыяй. У аднаго іх было тры.
Кожны дзень у нас былі заняткі па розных дысцыплінах. Фінансы, англійская мова, сацыялогія, юрыспрудэнцыя. Пятнаццаць сутак абмяркоўвалі падарожжы, расказвалі адзін аднаму, хто ў якой краіне пабываў. А таксама "Кракадзіл", "Ёсць кантакт" ды шашкі з хлебнага мякішу.
А потым мяне перавялі ў памяшканне, у якім сядзеў бяздомны чалавек. Потым падсялілі яшчэ аднаго, каб "разбавіць калектыў". Яны жылі крыху адасоблена ад "палітычных". Стаўленне да іх з боку суседзяў мне не спадабалася. Да гэтых людзей ставіліся іначай. Аднойчы я зрабіў заўвагу на гэты конт.
У той камеры, у якой мяне трымалі апошнім часам, у прыбіральні не было дзвярэй. У камеры было каля 40 чалавек, і людзі проста рабілі выгляд, што нічога не адбываецца.
Памятаю, было здорава, калі ў жніўні мяне і іншых вызваленых сустрэў натоўп людзей. Так кранальна.
Людзі пыталіся: вас адвезці ў Мінск? Можа, папіць, паесці? Слёзы наварочваліся на вочы. Гэтым разам мяне сустрэлі толькі самыя блізкія. Мне сказалі, я нават крыху паправіўся.
Калі выйшаў, больш за ўсё хацелася патэлефанаваць маме. Тата сказаў, што ў мамы за гэтыя 15 сутак на твары стала больш зморшчын.
Яшчэ дзіця засумавала па мне. Дзіцяці, як і мінулым разам, у жніўні 2020-га, сказалі, што тата ў камандзіроўцы.
У адрозненне ад жніўня нічога не балела. Галава паспела адысці. Толькі тупняк застаўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут