За спробу напісаць "Сатана" на помніку Леніна лідчук атрымаў год "хатняй хіміі"

19/09/2017 - 15:36

Лідчука Мікалая Мякшылу асудзілі на год абмежавання волі за спробу напісаць "Сатана" на помніку Леніна ў Лідзе, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Надпіс "Сатана" з'явіўся на пломніку Леніна ў сакавіку, аднак камунальныя службы яе выцерлі. Напрыканцы красавіка Мякшыла вырашыў аднавіць гэты надпіс. Як вернік ён хацеў такім чынам выказаць сваю нязгоду з ленінскай палітыкай у дачыненні да рэлігіі.

Калі ўвечары ён наблізіўся да помніка і хацеў пачаць маляваць, да яго выбеглі некалькі мужчын у цывільным. Яны скруцілі хлопца і павалілі на газон. Па словах Мікалая, хоць ён не супраціўляўся, яго збівалі: па нагах, спіне, шыі і галаве, наступалі на патыліцу. Потым яму начапілі кайданкі, пасадзілі ў спецтранспарт і даставілі ў РУУС.

Спярша хлопца затрымалі на трое сутак, а потым пачалі на яго крымінальную справу за хуліганства. У доме Мякшылы адбыўся ператрус, міліцыя забрала камп'ютар, флэшкі ды іншыя носьбіты інфармацыі.

На судзе, які прайшоў праз два месяцы, пракурор запатрабаваў адзін год абмежавання волі, і суддзя гэтую просьбу задаволіў. Юнак з дапамогай праваабаронцаў абскардзіў рашэнне суда, аднак Гродзенскі абласны суд пакінуў скаргу без задавальнення. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі