“З-за “актыўнага садзейнічанню следству” артыкул мне змянілі на больш жорсткі"

10/08/2018 - 11:53

Затрыманая 7 жніўня па “справе БелТА” галоўны рэдактар партала TUT.by Марына Золатава выйшла на волю 9 жніўня. “Улічваючы актыўнае садзейнічанне расследаванню, следчы прыняў рашэнне не заключаць Марыну Золатаву пад варту”, напісана ў афіцыйным прэс-рэлізе Следчага камітэта. Такая фармулёўка яе вельмі напружвае, кажа ў размове з Еўрарадыё Марына Золатава.

“Яно мне вельмі дзіўным падаецца. У ім мяне турбуюць фармулёўкі кшталту “актыўна супрацоўнічала са следствам” і гэтак далей. Магу сказаць, што ў першы дзень я ўвогуле адмовілася даваць паказанні. А ўчора я давала паказанні і яны, вядома, не заключаліся ў тым, што я “актыўна супрацоўнічала са следствам” ― я проста давала паказанні і ўсё! І вынік паказанняў у тым, што мне змянілі артыкул на больш сур’ёзны. І гэта іх “актыўна супрацоўнічала са следствам” не стасуецца з вынікам, які мы маем у выглядзе новага артыкула. Магу меркаваць, што гэта іх “актыўна супрацоўнічала са следствам” толькі з-за таго, што я ўчора пагадзілася даць паказанні”, ― кажа Марына Золатава.

Нагадаем, галоўнага рэдактара партала TUT.by Марыну Золатаву затрымалі па падазрэнні ў парушэнні артыкула 349 Крымінальнага кодэкса, па які максімальнае пакаранне ― 2 гады пазбаўлення волі. Цяпер яе дзеянні кваліфікуюць па прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 425 КК Рэспублікі Беларусь ― бяздзейнасць службовай асобы. Па гэтым артыкуле Марыне Золатавай пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі