З лётчыкаў у айцішнікі: маёр ВПС расказаў, чаму пайшоў з войска пасля выбараў

10/09/2020 - 14:38
Маёр Аляксандр Ісачанка за штурвалам верталёта / фота Аляксандра

Еўрарадыё даведалася пра яшчэ аднаго вайскоўца, які пакінуў шэрагі ўзброеных сіл па меркаваннях сумлення. Лётчык Аляксандр Ісачанка ў 2006 годзе скончыў Ваенную акадэмію і служыў на авіябазе ў Мачулішчах. Але ў жніўні 2020-га звольніўся з войска.

"Лічу недапушчальным удзел у дзеяннях па дасягненні ўлады гвалтоўнымі метадамі з выкарыстаннем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь", — напісаў ён у сваёй заяве.

"Маё званне было — маёр, пасада — старшы лётчык верталётнага атрада. Да канца майго кантракта заставаўся прыблізна год, — расказвае нам Аляксандр Ісачанка. — Я планаваў служыць да гранічнага ўзросту, не планаваў звальняцца і пакідаць службу. Але чацвёртага верасня я быў выключаны са спісаў часці".

Еўрарадыё: Што паўплывала на ваша рашэнне пакінуць службу?

Аляксандр Ісачанка: Падзеі, якія адбыліся ў жніўні і да гэтага ў нашай краіне. На мой погляд, склаўся канфлікт паміж уладай і большай часткай грамадства. Частка грамадства хоча перамен у жыцці, але, на жаль, механізмы, якія закладзеныя ў Канстытуцыі, не дазваляюць рэалізаваць гэтыя запыты грамадства.

Чаму прыняў рашэнне звальняцца? Асабоваму складу на пастраенні была даведзена заява міністра абароны, у якой прапаноўвалася ўсім нязгодным з палітыкай галоўнакамандуючага напісаць рапарты па ўласным жаданні. Паколькі я назіраю гэты канфлікт і бачу, што ўлада мірным спосабам не плануе вырашаць канфлікт, то далейшая служба накладвала непрыемны адбітак. Я адчуваў прымус да таго, што буду вымушаны выконваць свае абавязкі, якія не адпавядаюць маім унутраным перакананням.

Рапарт на звальненне маёра Ісачанкі А. Ю. / “Інстаграм”

Еўрарадыё: Але вы ж верталётчык, не прымалі ўдзелу ў разгоне мітынгоўцаў. Навошта звальняцца?

Аляксандр Ісачанка: Канкрэтна наша падраздзяленне не ўдзельнічала, але, наколькі я ведаю, часткова ўзброеныя сілы былі задзейнічаныя на вуліцах. Авіяцыя выконвае забяспечвальныя функцыі. І сама заява падштурхоўвае да думкі, што, магчыма, войска будзе якім-небудзь чынам выкарыстана супраць народа, супраць людзей і грамадства.

Я лічу, што ўзброеныя сілы павінны быць у гэтай сітуацыі апалітычныя. І асноўнае прызначэнне ўзброеных сіл — гэта абарона краіны і народа ад знешніх пагроз. І, мякка кажучы, гэта была некарэктная заява, якая дзяліла асабовы склад на "сваіх-чужых".

Еўрарадыё: Калі б вам загадалі — ці адважыліся б прымяніць гвалт на вуліцах Беларусі?

Аляксандр Ісачанка: Лічу, што гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў недапушчальны. Так, нашы законы прадугледжваюць, што розныя акцыі павінны быць узгоднены з уладай. Але відавочна, што ўлада амаль ніколі такой згоды не дае. Калі ёсць запыты грамадства і яны не могуць быць рэалізаваны, то трэба шукаць мірны спосаб вырашыць праблемы, паспрабаваць пачуць людзей. Вядома, сілавы метад — недапушчальны метад вырашэння такіх пытанняў.

Еўрарадыё: Як думаеце, сілавік у форме без знакаў адрознення можа сябе паводзіць больш жорстка, таму што лічыць, што застанецца непазнаным?

Аляксандр Ісачанка: Сама форма прадугледжвае мандат на пэўную долю гвалту. Але гэты мандат ідзе ад грамадства. Тая ж міліцыя надзеленая такой магчымасцю — абмежавана ўжываць гвалт. Я лічу, што, калі сілавыя ведамствы дзейнічаюць у рамках закона, яны, вядома ж, павінны насіць форму са знакамі адрознення, не хаваць свае твары. Павінны дзейнічаць адкрыта.

Фота з калегамі. Аляксандр — крайні справа / інфармацыйнае агенцтва "ВАЯР"

Еўрарадыё: У войску ўсе падтрымліваюць Лукашэнку?

Аляксандр Ісачанка: Вельмі складана гаварыць за ўсе ўзброеныя сілы, я такой інфармацыяй не валодаю. Але я магу сказаць, што дастаткова шмат людзей апалітычныя, яны наогул не звяртаюць увагі на палітыку. Некаторыя падтрымліваюць уладу, некаторыя не падтрымліваюць.

Еўрарадыё: Як пасля вашага ўчынку да вас сталі ставіцца калегі?

Аляксандр Ісачанка: Многія падыходзілі, выказвалі падтрымку, але шырокай падтрымкі з боку калег я не бачу. Трэба разумець, што вайскоўцы і іншыя супрацоўнікі сілавых ведамстваў абмежаваныя ў сваіх дзеяннях. Ёсць шмат прычын, па якіх яны не могуць адкрыта выказваць свае думкі і дзейнічаць адкрыта.

Многія маладыя вайскоўцы пражываюць у службовым жыллі, у інтэрнатах. І імавернасць пазбавіцца працы, гэта значыць [магчымасці] карміць і забяспечваць сям'ю, — гэта даволі-такі моцна ўздзейнічае на людзей. Плюс крэдыты і вельмі вузкая спецыяльнасць, складана сябе знайсці потым дзесьці, акрамя як у сілавых ведамствах. Акрамя гэтага, з 2015 года былі ўведзены так званыя стымулюючыя выплаты — па заключэнні кантракта выплачваліся грошы асабоваму складу. Калі вайсковец перапыняе кантракт, то і грошы ён абавязаны вярнуць.

У сям'і маё рашэнне падтрымалі і бацькі, і жонка. Гэта, напэўна, пытанне выхавання і каштоўнасцяў, якімі чалавек валодае.

Аляксандр Ісачанка і яго сям'я / фота Аляксандра

Еўрарадыё: Як лётчыку знайсці сябе ў цывільным жыцці?

Аляксандр Ісачанка: Цяпер я ў пошуку працы, праходжу навучанне ў IT-сферы па кірунку "Front-end" дзякуючы грамадскім ініцыятывам. Сапраўды, гэты механізм працуе, дазваляе атрымаць пэўныя веды. Ну а далей усё залежыць ад мэтанакіраванасці і працавітасці.

У выпадку са мной на мяне выйшлі і звярнулі маю ўвагу менавіта на гэтую ініцыятыву. А наогул, я сустракаў у інтэрнэце інфармацыю пра тое, куды чалавек можа звярнуцца, зусім нескладана знайсці яе. І там сапраўды дапамагаюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі