Камісія праверыла жаночую калонію, дзе сядзіць Паліна Шарэнда-Панасюк

29/04/2024 - 20:39

Камісія ў рэчыцкай калоніі  / minjust.gov.by

26 красавіка жаночую папраўчую калонію №24 у Рэчыцкім раёне наведала рэспубліканская камісія, паведамляе прэс-служба Мінюста. Там адбываюць пакаранне некалькі палітвязняволеных, якія скардзіліся на самавольства з боку адміністрацыі. Але камісія ніякіх парушэнняў не знайшла.

Паведамляецца, што прадстаўнікі камісіі "пазнаёміліся з умовамі побыту асуджаных, арганізацыяй іх вольнага часу, умовамі арганізацыі працоўнай дзейнасці, медыка-санітарнага забеспячэння, правялі гутаркі з асуджанымі", а таксама іх анкетаванне.

Камісія прыйшла да высновы, што ўмовы размяшчэння, харчавання, лячэння, працы і вольнага часу асуджаных "адпавядаюць усім патрабаванням, вызначаным для сістэмы выканання пакарання". Падчас візіту ніхто з асуджаных не звяртаўся да камісіі са скаргамі і нараканнямі на працу адміністрацыі калоніі і ўмовы размяшчэння.

У гэтай калоніі адбываюць пакаранні некалькі палітзняволеных жанчын, у тым ліку Паліна Шарэнда-Панасюк, Вікторыя Кульша Алена Гнаук, Алена Маўшук.

Улетку мінулага года праваабаронцы паведамлялі, што Паліну Шарэнду-Панасюк збілі ў калоніі іншыя асуджаныя. Па словах ейнага мужа Андрэя, жанчыне зладзілі так званую прэс-хату — падсялілі да яе ў камеру дзвюх правакатарак. Паліна была моцна збітая, ёй спатрэбілася шпіталізацыя ў калоніі.

Паводле звестак праваабаронцаў, Вікторыя Кульша ў той жа калоніі зазнала псіхалагічны і фізічны ціск. Жанчыну часта абражалі і прыніжалі, а адзін з наглядчыкаў збіваў яе і душыў. Пасля некалькіх галадовак у Кульшы былі два сардэчныя прыступы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі