З Курапатаў адводзяць будаўнічую тэхніку

27/02/2017 - 08:12

Раніцай 27 лютага будаўнікі адводзяць тэхніку з пляцоўкі ў Курапатах, побач з якой знаходзіцца масавае пахаванне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. На відэа, якое зняў грамадскі актывіст Антон Матолька, трапіў момант, калі з тэрыторыі будоўлі з'язджае аўтакран.

"Першы раз дапамагаем будаўнікам", — заўважыў лідар пратэстаў Зміцер Дашкевіч, разбіраючы частку будаўнічай агароджы, каб кран мог выехаць з пляцоўкі.

Ці азначае адвод тэхнікі тое, што будоўля ў Курапатах не будзе працягнутая? Еўрарадыё задало гэтае пытанне прадстаўніку забудоўшчыка — Сяргею Несцераву, дырэктару кампаніі "Белрэканструкцыя". Але ён адмовіўся тлумачыць, што адбываецца на будпляцоўцы:

"Я не каментую, чаму [з аб'екта з'язджае будаўнічая тэхніка]. Каментары атрымлівайце ў Мінгарвыканкаме, у іншых органах, якія... "Правы сектар", я не ведаю, якія арганізацыі ў нас у краіне кіруюць. Следчы камітэт, Мінгарвыканкам. Вось у іх і атрымлівайце каментары" сказаў Несцераў. 

Раней ён называў пратэсты актывістаў у Курапатах безграніччам. Забудоўшчык паскардзіўся на дзеянні актывістаў у міліцыю, прызначаная праверка.

Пратэсты супраць будоўлі бізнэс-цэнтра ў Курапатах пачаліся тыдзень таму. Моладзевыя актывісты паставілі намёт пасярод будаўнічай пляцоўкі і пачалі разбіраць агароджу будоўлі. Перыядычна да пратэстоўцаў далучаліся жыхары мясцовых дамоў.

Цягам тыдня адбылося некалькі сутычак з будаўнікамі і невядомымі людзьмі ў цывільным. Уночы на 23 лютага намётавае мястэчка напалі невядомыя ў масках. На наступны дзень адзін з абаронцаў Курапатаў прыкаваў сябе да грузавіка.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі