З Балгарыі могуць дэпартаваць прадстаўніка ЛГБТ з Беларусі

25/09/2024 - 15:00

Сцяг Балгарыі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Улады Балгарыі адмовіліся даць прытулак грамадзяніну Беларусі, і цяпер яму пагражае дэпартацыя з краіны. Інфармацыя пра гэта, як заўважыў "Позірк", з'явілася на сайце Балканскай сеткі журналісцкіх расследаванняў BIRN.

Мужчыну завуць Андрэй, прозвішча не называецца дзеля бяспекі сваякоў, якія знаходзяцца ў Беларусі.

Паведамляецца, што адмоўнае рашэнне наконт прытулку прыняў 17 верасня Вярхоўны суд у Сафіі. Цяпер беларус з адвакатамі рыхтуецца абскардзіць рашэнне. Ён не выключае, што будзе звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека

Адзначаецца, што Андрэй знаходзіцца ў шлюбе з расійскім журналістам і актывістам апазіцыі Аляксеем Бачынскім. Той атрымаў прытулак у Балгарыі 25 красавіка. Іх шлюб быў аформлены ў Капенгагене ў 2014 годзе.

У Балгарыю яны пераехалі з Расіі ў 2022 годзе пасля шырокамаштабнага нападу Расіі на Украіну. Паведамляецца, што яны "ўдзельнічалі ў актывізме супраць рэжымаў у Расіі і Беларусі і падтрымлівалі праўкраінскія дэманстрацыі ў Расіі, Беларусі і Балгарыі".

Беларус у сваім хадайніцтве аб прытулку, як паведамляецца, напіша пра новыя рэпрэсіўныя законы ў Беларусі, прынятыя сёлета ў красавіку. Згодна з імі дэманстрацыя адносін ЛГБТК+ можа лічыцца парнаграфічнай і карацца пазбаўленнем волі.

У публікацыі гаворыцца, што Балгарыя сёлета ў жніўні забараніла "прапаганду нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі" — у прыватнасці, у сувязі з "прысутнасцю тэм ЛГБТК+ у сістэме адукацыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі