Юрыст Адміністрацыі прэзідэнта сказаў, колькі чалавек звольніліся пасля выбараў

15/03/2021 - 10:05

Пасля выбараў жніўня 2020-га з Адміністрацыі прэзідэнта звольніўся юрыст Арцём Праскаловіч. На пачатку сакавіка ён далучыўся да Народнага антыкрызіснага кіравання. У камандзе Паўла Латушкі ён будзе займацца пытаннямі заканадаўства і юрыдычным суправаджэннем па розных напрамках.

Як распавёў Праскаловіч у гутарцы з журналістамі TUT.by, ён не адзіны звольніўся пасля выбараў з Адміністрацыі. Аднак такія звальненні былі адзінкавымі. "Па палітычных, светапоглядных прычынах сышоў яшчэ адзін чалавек. Яшчэ адзін пайшоў проста таму, што яго ўсё гэта стаміла. Так склаліся абставіны, што да моманту майго сыходу было некалькі вакансій, і іх немагчыма запоўніць, ніхто дагэтуль не хоча ісці працаваць у Адміністрацыю прэзідэнта. Людзей у прымусовым парадку перавялі з падначаленых адміністрацыі прававых цэнтраў на працу ў АП. Ніхто не хацеў ісці, нічога там салодкага няма зусім і ніколі не было", — кажа экс-чыноўнік.

Дарэчы, сам Праскаловіч згадвае, што ў юнацтве ўваходзіў у "Малады Фронт" і фігураваў у крамінальнай справе Змітра Дашкевіча. Аднак гэта не перашкодзіла яму атрымаць працу ў Адміністрацыі прэзідэнта. На думку юрыста, гэта сведчыць, што сістэма праверак у дзяржаўнай сістэме не працуе.

У Адміністрацыі прэзідэнта працуе 147 чалавек. Большасць клеркаў, па словах Праскаловіча, атрымліваюць невяікія грошы і не маюць бонусаў — у адрозненне ад топ-чыноўнікаў: "Прыйшоўшы ў Адміністрацыю прэзідэнта 6 гадоў таму, я атрымліваў заробак 1 тысячу долараў, але роўна два месяцы. Пасля гэтага я яго больш не бачыў ні разу. Прайшло дзве аптымізацыі, два павышэнні заработнай платы, і мой заробак да шасцігадовай даўнасці так і не вярнуўся".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі