“Ёсць шэраг структур, якія маюць права зачыняць станцыі метро па сваім указанні”

27/04/2017 - 15:10

Вечарам 26 красавіка цягнікі Мінскага метрапалітэна без аніякага папярэджання перасталі спыняцца на станцыі “Акадэмія навук”, такім няхітрым чынам паламаўшы планы шараговага сталічнага жыхара Мінска Івана Шылы. Магчыма, не аднаго яго, але Івана гэта абурыла.

“А ўчора цягнік метро на Акадэміі навук на спыніўся. І ніхто не папярэдзіў. Вельмі раззлавала. Таму я напісаў скаргу, хай вярнуць грошы за жэтон. Як так, не даехаў у кропку Б. Дзяжурная па станцыі паспяшалася запэўніць, што гэта ― “тэхнічныя прычыны,”― піша ў Фэйсбуку Іван Шыла.

Цікава тое, што менавіта 26 красавіку ў Мінску традыцыйным жалобным шэсцем адзначалі чарговую, 31 гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Удзельнікі дазволенай Мінгарвыканкамам вулічнай акцыі а 18 гадзіне збіраліся ля кінатэатра “Кастрычнік”, што побач з метро “Акадэмія навук”. Супадзенне? Магчыма. Але месяц таму, на Дзень Волі 25 сакавіка тая ж станцыя гэтак жа не працавала. Ці не па тых жа тэхнічных прычынах? Вось толькі тлумачыць сэнс праблем, па якіх цягнікі не спыняліся на Акадэміі навук, і чаму пра закрыццё загадзя не папярэдзілі, кіраўнік прэс-службы сталічнага метрапалітэна Андрэй Кузьмін не спяшаецца.

“Я пакіну гэта без каментарыя, бо не ўпаўнаважаны адказваць на такія пытанні. У Метрапалітэне, а дакладней ― не ў Метрапалітэне, ёсць шэраг структур, якія маюць права зачыняць станцыі Метрапалітэна па сваім указанні. І я па сваёй пасадзе не ўпаўнаважаны аб’яўляць пра такія рашэнні. Бо ўчора, да прыкладу, рознае магло быць… А магло і не адбыцца закрыццё”, ― кажа Андрэй Кузьмін.

Карацей, метро ― стратэгічна важны аб’ект, і ў пэўныя моманты такія структуры, як КДБ, МУС ці Мінгарвыканкам прымаюць рашэнне аб, да прыкладу, часовым закрыцці нейкіх станцый ці асобных выхадаў з іх. Прычым, па словах суразмоўцы Еўрарадыё, найчасцей, пра сваё рашэнне “структуры” паведамляюць у апошні момант, і загадзя папярэдзіць пасажыраў пра будучую нязручнасць у метрапалітэнаўцаў “няма магчымасці”.

Звычайна такое адбываецца падчас масавых вулічных акцый. Як запэўнівае мяне прадстаўнік Метрапалітэна, не мае значэння, хто тыя акцыі арганізоўвае.

“Цалкам магчыма, што такое можа быць 9 траўня. Ці ўзгадайце: калі да нас прыязджаюць сур’ёзныя дэлегацыі, прэзідэнты, то прыходзяць на плошчу Перамогі каб пакласці кветкі да помніка. І тады закрываюць дзверы выхаду, што вядзе да самога помніка”, і на іншых станцыях нешта такое магчымае. Але ў выпадку вялікай колькасці людзей, якія там сабраліся, і якія могуць стаць прычынай нязручнасці для іншых пасажыраў”.

Атрымліваецца, логіка такая: калі недалёка ад нейкай станцыі метро праходзіць вулічная акцыя, то ў клопаце пра пасажыра яго на гэтай станцыі не высаджваюць, а вязуць далей. Тады раззлаваны пасажыр патрабуе вярнуць яму грошы за жэтон. І мае рацыю ― Метрапалітэн яму прадставіў неадпаведную па якасці паслугу. ЦІ Атрымаецца вярнуць грошы за жэтон у Івана Шылы?

“Розныя сітуацыі бываюць, калі людзі патрабуюць вяртання грошай за нескарыстаны ці не здзейснены праезд, але няма нейкай статыстыкі ці нейкага ўліку, каб можна было вызначыць канкрэтны алгарытм дзеянняў гэтаму цалавеку…” ― расчароўвае Андрэй Кузьмін.

Тым не менш, раіць звяртацца ў адміністрацыю метрапалітэна. Маўляў, будзем вырашаць пытанне.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі