Навіны свету / @rubanau_collage
Газета Politico выбрала 28 уплывовых асобаў на еўрапейскім кантыненце, а сёлетнія нобелеўскія лаўрэаты міру атрымалі ўзнагароду і заклікалі звышдзяржавы вярнуцца да “ядзернага табу”.
У той час гарбаты кіт здзейсніў падарожжа, вартае “Адысеі”. Навошта? Пра гэта ды іншае чытайце ў нашай штодзённай рубрыцы “Іх норавы”.
Выданне Politico назвала самага ўплывовага чалавека Еўропы, і гэта прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні.
Адзначаецца, што лідарка правай партыі "Браты Італіі" за некалькі гадоў ператварылася з маргінальнай палітычнай фігуры ў аднаго з ключавых ігракоў на еўрапейскай і сусветнай палітычнай арэне.
“Сёння, калі вы хочаце гаварыць з Еўропай, то званок менавіта да Мэлоні — відавочны выбар. Нават такія фігуры, як Ілан Маск, найбагацейшы чалавек у свеце і дарадца новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, звяртаюцца да італьянскага прэм'ера для абмеркавання стратэгічных пытанняў”, — адзначае выданне.
Па словах аналітыкаў, яе ўплыў абумоўлены здольнасцю знаходзіць баланс паміж радыкальнымі ідэямі сваёй партыі і прагматычным супрацоўніцтвам з міжнароднымі партнёрамі.
Сярод іншых уплывовых людзей Еўропы апынуліся прэм’ер Польшчы Дональд Туск, папа Францішак, прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас, кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрый Ярмак ды нават прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Увесь спіс можна паглядзець тут.
Трое з тых, хто выжыў пасля атамнай бамбардзіроўкі Японіі ЗША, атрымалі Нобелеўскую прэмію міру за 2024 год ад імя “Ніхон Хіданкё” — арганізацыі, якая выступае супраць ядзернай зброі.
Адзін з іх, 92-гадовы Тэрумі Танака, заклікаў да знішчэння усёй ядзернай зброі.
“Уявіце сабе: ёсць 4000 ядзерных боегаловак, якія можна запусціць неадкладна. Гэта азначае, што шкода, учыненая ў Хірасіме і Нагасакі, можа быць памножаная ў сотні ці нават тысячы разоў”, — прамовіў ён.
Ёлкі разам з тысячамі калядных фігурак запоўнілі амаль кожны пакой дому (нават прыбіральню), але не пакоі іх дачкі.
Джэраміны не ўпершыню становяцца сям'ёй з самым багата упрыгожаным да Калядаў домам. Рэкорд па колькасці елак яны ўтрымліваюць з 2017 года. Толькі ў 2022 годзе камусьці ўдалося іх абысці.
Навукоўцы заўважылі, што гарбаты кіт здзейсніў адну з самых працяглых і незвычайных міграцый, калі-небудзь зафіксаваных.
Яго бачылі ў Ціхім акіяне каля Калумбіі ў 2017 годзе, а праз некалькі гадоў высачылі каля Занзібара ў Індыйскім акіяне — на адлегласці не менш за 13 000 кіламетраў ад першага пункту.
На цяперашні момант гэта, хутчэй за ўсё, самая вялікая адлегласць, якую калі-небудзь зафіксавалі ў міграцыі гарбатага кіта.
Гэты від жыве ва ўсіх акіянах свету. Штогод кіты падарожнічаюць на вялікія адлегласці і маюць адну з самых працяглых міграцый з усіх млекакормячых, пераплываючы ад трапічных месцаў размнажэння да месцаў кармлення ў больш халодных водах.
Адна з тэорый зафіксаванай “адысеі” заключаецца ў тым, што змяненне клімату змяняе колькасць крэветкападобных крыляў, якімі харчуюцца гарбатыя кіты, прымушаючы іх падарожнічаць далей у пошуках ежы.
Іншае меркаванне — што кіты могуць даследаваць новыя месцы ў пошуку пары для размнажэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут