Па справе аб дагаворных матчах у беларускім футболе ў якасці падазраваных прыцягнутыя некалькі футбалістаў і трэнер клуба першай лігі. Пад варту ніхто пакуль не ўзяты.
У МУС паведамляюць толькі некаторыя дэталі. З адной стаўкі зламыснікі атрымалі даход у сотні тысяч еўра. Аднак нават мацёрыя наведвальнікі букмекерскіх кантор засумняваліся, ці стане салідны букмекер прымаць такія сумнеўныя стаўкі і з-за гэтага рызыкаваць?
“Звычайна на буйных ліцэнзаваных онлайн-букмекерах кшталту William Hill не даюць паставіць вялікія грошы. Аднак гэта магчыма на так званых біржах ставак кшталту Betfair. Яшчэ больш складана ўсё з азіяцкімі букмекерамі. Гэта нелегальныя сіндыкаты: крымінальныя ці паўкрымінальныя. Па іх няма канкрэтнай інфармацыі. Вядома, што там круцяцца вельмі вялікія грошы. Больш за тое, ёсць інфармацыя, што самі сіндыкаты стаяць за дагаворнымі матчамі”, — аналізуе Аляксей Ткачук, эксперт па спартыўных стаўках, галоўны рэдактар сайта “Рэйтынг Букмекераў”.
Паводле інфармацыі МУС, менавіта праз азіяцкіх букмекераў злачынная група і зарабіла сотні тысяч еўра. Вось як магла выглядаць махлярская схема.
2 ліпеня 2016 года. У перамогу ФК “Ашмяны” ніхто не верыць. Яны — аўтсайдэры першай лігі. “Луч” з Мінска — адны з фаварытаў (каманда ідзе на 4 месцы).
Па сайце wettportal.com, дзе можна маніторыць каэфіцыенты розных букмекераў на канкрэтную гульню, бачна: каэфіцыент на перамогу “Ашмянаў” дасягае 10 (з 30 тысяч пастаўленых еўра можна атрымаць 300 тысяч). Каэфіцыент на нічыю — 5,4 (з 30 тысяч атрымліваеш 162 тысячы).
"Ашмяны" да 62 хвіліны матчу ўпэўнена перамагаюць. Гэта самы зручны момант для тых, хто загадзя ведае вынік…
На трыбунах у Ашмянах прысутнічае адзін з найважнейшых фігурантаў крымінальнай справы —украінскі баскетбаліст Яраслаў Лемік. Год таму на радзіме яго пажыццёва дыскваліфікавалі якраз за спробу арганізацыі дагаворніка.
Прайграючы 3:1, “Луч” нечакана забівае два галы і зраўноўвае лік. І вось, тыя “шчасліўчыкі”, якія паставілі на нічыю, атрымліваюць каласальны прыбытак.
Даказаць праўдзівасць такога сцэнарыя няпроста. Неабходна, каб загаварылі непасрэдныя ўдзельнікі дагаворнага матчу.
Пасля гульні “Луч”-“Ашмяны” спецназаўцы падрэзалі легкавік з футбалістамі “Ашмянаў”, завезлі іх у ГУБАЗіК, апыталі і адпусцілі. Пасля гэтых падзеяў у футбаліста Сяргея Булынёнка аказалася зламанай скула і костка пад вокам. Справа дайшла да аперацыі.
Начальнік 2-га аддзела 2-га ўпраўлення ГУБАЗіКу Аляксей Барушка у тэлепраграме “Зона Х” паведаміў, што “ў ГУБАЗіК прыбылі два чалавекі, якія ўдзельнічалі ў дагаворных матчах, якія патлумачылі ўсе абставіны і напісалі яўкі з павіннай”.
Якія менавіта футбалісты загаварылі, пакуль незразумела.
Цікавімся ў Аляксея Ткачука, колькі могуць плаціць футбалістам беларускай першай лігі за забеспячэнне “правільнага” выніку.
“Мы рабілі ананімную гутарку з арганізатарамі дагаворных гульняў. Яны расказвалі, што спачатку выходзяць на сувязь з гульцамі асновы. Пры гэтым, дастаткова дамовіцца толькі з футбалістамі каманды, якая павінна зліць матч. Найчасцей гэта гульцы, якія самі ставяць на матчы і трапляюць у пазыкі. Нярэдка ахвярамі робяцца футбалісты клуба, дзе ёсць праблема з выплатай заробкаў. Бывае, выходзяць на лідара каманды, і ён дамаўляецца з таварышамі. Сустрэчы з гульцамі арганізоўваюцца такім чынам, каб гэта не было заўважана і зафіксавана. Дзіўныя стаўкі самі па сабе не з’яўляюцца доказам. Адзіная небяспека для гульца, што на сустрэчы з арганізатарам адбудзецца "маскі-шоў" і яго зловяць за руку.
Еўрарадыё: Якія ганарары маюць нячыстыя на руку футбалісты?
Аляксей Ткачук: Многае залежыць ад рынку і канкрэтнай каманды. Мяркую, калі гэта першая ліга чэмпіянату Беларусі, то гэта максімум некалькі тысяч долараў кожнаму гульцу, які замяшаныя ў дагаворным матчы.
Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй распаўсюдзіла відэа, на якім прадстаўніку адной з каманд нешта даюць у рукі. Паводле папярэдняй інфармацыі, такім чынам перадалі каля чатырох тысяч долараў. Так відэа пракаментавалі ў ГУБАЗіКу для праграмы “Зона Х”.
Нагадаем, што на пачатку ліпеня ў Беларусі адбыўся шэраг затрыманняў людзей, якіх падазраюць у арганізацыі дагаворных матчаў. У поле зроку праваахоўнікаў трапілі як мінімум дзве гульні з удзелам каманды “Луч”. 25 чэрвеня сталічная каманда сустрэлася з гомельскім ГЧТ, 2 ліпеня — з “Ашмянамі”.