Як свет рэагуе на заяву Мядзведзева пра “халодную вайну”

15/02/2016 - 15:25

Выступаючы на мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў суботу, прэм’ер-міністр  Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, крытыкуючы палітыку Захаду ў дачыненні да Расіі, заяўляе, што “мы скаціліся ў часы новай халоднай вайны”.

Гэтая фраза імгненна выклікала вялікі рэзананс ва усім свеце. Сотні каментарыяў аналітыкаў з’явіліся і ў еўрапейскіх СМІ.

Іспанская El Pais прыводзіць меркаванне аналітыка і прэзідэнта кампаніі Eurasia Group Яна Брэмера, які інтэрпрэтаваў гэтыя словы як магчымы курс унутранай палітыкі Расіі. Ідэя адраджэння канфлікту, які падзяліў свет у другой палове дваццатага стагоддзя, “глыбока прывабная” для Крамля. Ён можа выкарыстаць яе для таго, каб акрэсліць знешняга ворага.

“Выступленне Мядзведзева было вельмі важным, таму што яно прадэманстравала жаданне Крамля гуляць у рэчышчы папулізму і нацыяналізму. Але я не думаю, што новая халодная вайна адбудзецца, таму што ЗША не мае ніякага інтарэсу ў гэтым”, — цытуе іспанскае выданне словы аналітыка. 

The Guardian у сваім аналітычным матэрыяле называе Расію краінай, якая стала надта “амбіцыйным гульцом” на міжнароднай арэне.

“Масква вяртаецца як вялікі гулец на Блізкі Усход. У той час як Вашынгтон выглядае прыніжаным, толькі шэрым ценем вялікай сілы, якая дамінавала ў падзеях гэтага рэгіёна. Як і сказаў расійскі прэм’ер, часы халоднай вайны вяртаюцца, і Расія выглядае ў ёй вельмі “на пад’ёме”, — піша брытанскае выданне.

З гэтай нагоды зрабілі заявы і некаторыя палітыкі.

Былы кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більдт не згодны з выказваннем расійскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева.  “Халодная вайна — гэта нешта зусім іншае”, — заявіў ён у інтэрв’ю Deutsche Welle.

“Мы знаходзімся ў вельмі складанай сітуацыі, Расія ператварылася з патэнцыйнага партнёра ў вялікую праблему для Еўропы на Блізкім Усходзе. Але халодная вайна была нечым іншым”, — сказаў былы кіраўнік шведскай дыпламатычнай службы.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што Расія ўжо знаходзіцца ў стане “гарачай вайны”.

“Я б сказала, што, магчыма, мы стаім перад свайго роду гарачай вайной”. У пацверджанне сваіх слоў прэзідэнт Літвы ўказала на дэманстрацыю Расіяй “адкрытай ваеннай агрэсіі ва Украіне і адкрытую агрэсію ў Сірыі”. “Нічога халоднага тут няма, гэта ўжо вельмі-вельмі горача”, — падкрэсліла прэзідэнт Літвы.

Ужо ў панядзелак, у інтэрв’ю часопісу TIME Дзмітры Мядзведзеў тлумачыць, што не казаў, быццам “пачалася новая халодная вайна”, а папярэдзіў, што “рашэнні NATO падштурхоўваюць да ўзнікнення новай халоднай вайны”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі