Як офіс Ціханоўскай збіраецца дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій

27/05/2021 - 12:07

Офіс Святланы Ціханоўскай прадставіў праект праграмы падтрымкі, на якую могуць разлічваць беларусы, якія зазналі ціск за ўдзел у пратэстах. Праект таксама ўключае падтрымку чыноўнікаў і супрацоўнікаў сілавых структур, якія перайшлі на бок народа, а таксама прыватных бізнесаў, што пацярпелі ад рэпрэсій.

Якую падтрымку абяцае пацярпелым ад рэпрэсій беларусам офіс Ціханоўскай? Куды звяртацца па дапамогу і як яе атрымаць? Ці падштурхне абяцанне дапамогі да выказвання сваёй пазіцыі? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.

Пра дэградацыю эканомікі пры Лукашэнку

— Палітычны крызіс у Беларусі толькі прыспешыў негатыўныя працэсы ў беларускай эканоміцы. І перспектывы ў яе вельмі дрэнныя: яна будзе развівацца павольней за эканоміку краін-суседзяў.

Якім чынам офіс Ціханоўскай падтрымае пацярпелых пратэстоўцаў?

— Немагчыма прадказаць, калі зменіцца ўлада, — разважае Алесь Аляхновіч. — Але калі цяпер вы церпіце праз свае палітычныя погляды ці пратэставую актыўнасць, пасля надыходу дэмакратычных перамен вы маеце права разлічваць на кампенсацыю: не толькі маральную, але і матэрыяльную.

Асноўныя моманты праграмы:

— вызваленне палітычных вязняў і перагляд спраў грамадзян, неправамерна прыцягнутых да адказнасці;

— аднаўленне звольненых пратэстоўцаў на ранейшых месцах працы (пры жаданні) з залікам у працоўны стаж тэрміну незаконнага звальнення;

— альтэрнатыўная занятасць пры немагчымасці ці нежаданні вяртацца на ранейшае месца працы: будзе аплачаная перакваліфікацыя, а на адкрыццё прыватнага бізнесу будуць выдавацца гранты да $10 тысяч;

— пакрыццё фінансавых выдаткаў праз скасаванне кантракта чыноўнікам і сілавікам, якія пакінулі службу;

— крэдытныя вакацыі для звольненых з працы і тых, хто пакінуў службу;

— аднаўленне на месцы вучобы студэнтаў, адлічаных з палітычных прычын;

— падтрымка прыватнага бізнесу, які панёс страты або быў закрыты дзяржавай з палітычных прычын, з вяртаннем яго ўладальнікам несправядліва спагнаных штрафаў.

Дзе ўзяць грошы на гэту праграму

Офіс Святланы Ціханоўскай прапануе шэраг крыніц фінансавання. Сярод іх бюджэтныя сродкі, якія вызваляцца пасля скарачэння дзяржаўнага апарату, а таксама выдаткаў на сілавыя структуры, дзяржаўную ідэалогію і цэнзуру.

Таксама плануецца расфармаваць Кіраўніцтва справамі прэзідэнта і прыватызаваць бізнесы, якія яму належаць: латарэі, гатэлі, санаторыі, гандлёвыя і лагістычныя цэнтры, кавярні, аптэкі, аграпрамысловыя комплексы і іншыя аб’екты нерухомасці. Плануецца распрадаць маёмасць Аляксандра Лукашэнкі (хаця ён і кажа, што ў яго амаль нічога няма) і яго найбліжэйшых паплечнікаў, нажытую злачынным шляхам, і перагледзець выдаткі Адміністрацыі прэзідэнта. І іншыя шляхі.

Таксама офіс Святланы Ціханоўскай разлічвае на крэдыты і гранты міжнародных інстытутаў: ад стабілізацыйнай праграмы з МВФ да дапамогі на падтрымку прыватнага бізнесу.

— Крыніцы фінансавання праграмы падтрымкі большыя за расходы на яе, — сцвярджае Алесь Аляхновіч. — Недахопу грошай не будзе.

Як зразумець, які бізнес пацярпеў ад рэпрэсій, а які проста прагарэў

Цяперашнія дзеянні беларускіх уладаў наносяць бізнесу іміджавую шкоду, заўважае Аляхновіч. Ён перакананы: цяпер можна забыць пра дынаміку развіцця ПВТ і іншых галін, якія расквітнелі апошнім часам.

— З бізнесам можа быць складана, бо ён любіць цішыню і не заяўляе публічна пра палітычныя рэпрэсіі. Улады, наадварот, сцвярджаюць, што ўсё адбываецца па законе. Бізнес павінен захоўваць дакументы і рашэнні аб закрыцці, як і прозвішчы асоб, якія прымалі гэтыя рашэнні. Спецыяльная камісія ці суды будуць пераглядаць справы аб закрыцці бізнесу.

Лукашэнка прызнаў сваё рашэнне закрыць 200 бізнесаў у Мінску і 500 у Беларусі. У КДБ павінен быць спіс закрытых бізнесаў.

Заўвагі і прапановы да праграмы падтрымкі можна пакінуць на сайце офіса Святланы Ціханоўскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі