Як гэта ― граць у пераходах з дазволам Мінгарвыканкама

23/06/2017 - 15:44

З канца траўня ў Мінскіх пераходах афіцыйна пачалі граць вулічныя музыкі. Усе яны маюць адмысловыя дазволы, завераныя пячаткай Мінгарвыканкама, пляцоўкі, абазначаныя банерам з назвай “Музычная карта Мінска” і час з 14 па 17-ю, з 20.00 да 22.00 па буднях і з 14 па 22 па выхадных.


Еўрарадыё правярае, як уладкаваліся музыкі і што думаюць наконт новага статусу.

14.30, у пераходзе ля ГЦ “Сталіца” Андрэй спявае мілыя песні кшталту “Замыкая круг”, “Батарейки” і “Абсэнту”. Андрэю 30 гадоў, ён заняты ў музычнай сферы, дзесяць гадоў як выступае ў пераходах і заўсёды марыў гэта рабіць легальна:

“Гэта такі свайго роду канцэрт. На вялікую сцэну ісці не збіраюся, але хочацца граць для людзей. Я хацеў заўсёды афіцыйна граць у пераходзе, нават некалькі гадоў таму падыходзіў у выканкам. Тады гэта было немагчыма”.


Нейкіх нараканняў наконт “ігры з паперкай” Андрэй не мае. Саму паперку чамусьці адмаўляецца паказаць журналістам. Затое гэта робіць Вераніка. Адразу пасля Андрэя яна разам з сябрам па гурце Green Vox Арцёмам збіраецца пачаць свой сэт.

Маладыя людзі прызнаюцца, што толькі прыглядаюцца да новай магчымасці граць афіцыйна. Распавядаюць, што да іх пастаянна падыходзіць ці міліцыя, ці ахоўнікі бліжэйшых крамаў і правяраюць “паперку”. Вось і цяпер, пакуль мы размаўляем з музыкамі, з’яўляецца ахоўнік у акулярах і патрабуе паказаць пашпарты.


"Вы паверыце, што гэта яна?" ― звяртаецца да нас ахоўнік, беспардонна паказваючы на фота Веранікі ў пашпарце. На фота Вераніка з доўгімі валасамі, а цяпер яна змяніла імідж ― коратка пастрыглася і носіць рэперскую кепку.

“Я ўсіх правяраю, ― працягвае ахоўнік. ― Шмат самазванцаў становяцца пад "мапу пляцовак".

 

Вераніка з Арцёмам пачынаюць з “ляпісаўскай” “Сочы”. Кажуць, што выконваюць усё ― ад папсы да пост-рока.


“Сваё граем рэдка, бо нашы песні ніхто не ведае. Я раней таксама спяваў, і магу сказаць, што на вуліцы, у пераходах вельмі моцна развіваешся, ― распавядае Арцём, які сёння грае на кахоне. ― Калі прыходзіш з гуртом на рэпетыцыі, дзе ўсё ідзе па нейкім палне, то развіццё аднойчы спыняецца і музыкі стаяць на месцы. А на вуліцы заўсёды ёсць развіццё, асабліва калі зловіш хвалю. Твае навыкі, голас, ігра вельмі змяняюцца”.


“Легалізаваць” статус вулічных музыкаў нашы суразмоўцы вырашылі з-за міліцыянераў: ганялі! Аднак час, які горад выдзеліў для артыстаў, па словах Арцёма і Веранікі, зусім не зручны. Ды і месцы часам вельмі дзіўныя:


“Калі б можна было граць з 17-ці да 20-ці, было б цудоўна. Бо людзей у гэты час больш, і можна больш зарабіць. Мы ж раней гралі ў гэты час, і разумелі, што калі перашкаджаем некаму, трэба адысці. На станцыі “Малінаўнка” ідэальнае месца для нас, але жанчына-суперлатошніца сядзіць прама перад намі і часам лаецца".

 

З іншага боку, кажуць музыкі, ёсць плюсы, бо можна загадзя прадумаць свой дзень і запланаваць месца і час.


“Ты ведаеш, што прыйдзеш, дакладна адыграеш гэтыя чатыры гадзіны, і цябе адсюль ніхто не згоніць. Але вельмі многамузыкаў цяпер з'явілася. Адчуваецца канкурэнцыя, можна не паспець забраніраваць час на сайце “Пешаходкі”. Пакуль прыглядаемся, спрабуем, глядзім, ці ёсць у гэтым сэнс. Чэргі, месцы, прывыкаем, бо па-сутнасці, гэтая сфера дзейнасці мусіць быць бессістэмнай. Добра, хоць “падзяку” пакуль не трэба рэгістраваць”.


За дзве гадзіны, якія Вераніка і Арцём стаяць у пераходзе, яны могуць зарабіць на дваіх 40 рублёў. Лепш за ўсё “дзякуюць” 10 і 15-га чысла ― у гэтыя дні “усе вясёлыя, бо атрымалі заробак”. Але і адмаўляцца ад нелегальнай ігры ў пераходах музыкі ўсё адно не збіраюцца.

 

Па словах арганізатара “Пешаходкі” Улада Пінчука, на сёння афіцыйны дазвол на ігру ў пераходах атрымалі каля 70 музыкаў. Калі з’явяцца новыя жадаючыя, і іх апынецца шмат, наступнае праслухоўванне зробяць увосень. Калі ж ахвотных будзе мала ― толькі наступнай вясной.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі