Суд Барысаўскага раёна разглядае справу прапаршчыка Ігара Хішчанкі з 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах. Прапаршчыка вінавацяць у тым, што ён абражаў салдат словамі, перавышаў паўнамоцтвы, браў у салдат хабар. Нечакана амаль усе з 18 пацярпелых хлопцаў на судзе у адзін голас кажуць, што не лічаць усё гэта здзекамі.
Аляксей Шарлан: “Гэта ж не здзекі моцныя. Лепш адзін раз “лася” атрымаць, чым суткі ва ўборы”.
Антон Прыбыткін: “Калі шчыра, мне ў нарадзе не падабалася, лепш атрымаць па ягадзіцах”, — цытуе хлопцаў TUT.BY.
Еўрарадыё гэта падалося вельмі дзіўным, мы адшукалі былога радавога Ш. якога прапаршчык нібыта ўдарыў… электрашокерам. Але якім было нашае здзіўленне, калі мы пачулі ад пацярпелага салдата такое:
— З шокерам — гэта я папрасіў.
Еўрарадыё: То бок вы самі папрасілі ўдарыць сябе электрашокерам?!
— Вось вы хочаце скочыць з парашутам, нырнуць у акіян з акуламі? Так, гэта дзіка, што папрасіў. Але гэта як маленькае дзіця вывучае свет, яму ўсё цікава. Вось мяне не біла токам ніколі, мне стала цікава, як гэта. Зараз вы падумаеце, што я ненармальны.
Еўрарадыё: І як адчуванні ад шокера?
— Нічога страшнага, скарачэнне цягліц, кароткачасовая боль, секундная, нічога такога, што магло б мяне неяк траўмаваць.
Еўрарадыё: За што “атрымлівалі” салдаты? Што яны рабілі, што прапаршчык знаходзіў толькі такі радыкальны выхад — біць скручанымі газетамі?
— Можа, для вас дзіка, але, я б сказаў, у жартоўнай манеры гэта было. Не з нейкай нянавісцю. Радыкальны метад? Не, канечне, паўтаруся гэта было без нянавісці. Метады ёсць іншыя, напрыклад, цябе паставяць у нарад, але лепш я па дупе газетай атрымаю, чым пайду ў нарад. Большасць таварышаў па службе не бачылі ў гэтым нічога жорсткага.
Еўрарадыё: Чаму за правіннасці прапаршчык не адпраўляў у нарады, а біў?
— Ды гэта не было збіццём! Ну вось глядзіце: калі прапаршчыка яшчэ не пад вартай трымалі, мы былі на вочнай стаўцы і пасля яе спакойна выйшлі пакурыць, спакойна з ім размаўлялі. Для нас гэта не было чымсьці абразлівым або зневажальным.
Еўрарадыё: Але некаторыя салдаты былі незадаволеныя…
— Крыўдачкі з павышаным адчуваннем уласнай велічы. Ну хто некаторыя? Я нават не магу ўявіць, хто. Толькі аднаго чалавека ці двух.
Еўрарадыё: Скажыце, як вы наогул ставіцеся да гэтай сітуацыі? Калі абстрагавацца ад таго, што вы служылі. Прапаршчык б'е салдата. Вось такі факт.
— Недапушчальна, вядома. Але калі салдата біў прапаршчык і потым салдат нармальна з ім кантактуе, што тут не так? Правільна? Але гэты момант апускаюць.
Еўрарадыё: Вы лічыце, што так у арміі і павінна быць?
— Не. Зразумела, што гэта няправільна.
Еўрарадыё: Чаму тады абараняеце прапаршчыка?
— Гэта не было лаянкай, збіццём і гэтак далей…
Еўрарадыё: Гэта не прыніжала вашую мужчынскую годнасць?
— Маю мужчынскую годнасць прынізіла б, дапусцім, ісці ў нарад праз суткі і мыць падлогі і прыбіральні ў казарме. У арміі няма дысцыпліны, усё, скончылася армія. Гэта было мерай выхавання. Вось вы атрымлівалі рэменя ў дзяцінстве ад мамы? А ў арміі няма маці. Усе, хто спрабуе ўсталяваць дысцыпліну, і ёсць твая мама на паўтара года.
Камусьці гэта складана зразумець, але не адзін я такое кажу. Лепш атрымаць па ягадзіцах газетай, груба кажучы, чым ісці мыць унітазы. Ставіў бы ён нас у нарады ў якасці пакарання — у мяне б дрэннае меркаванне пра яго склалася. А так, як бачыце, меркаванне станоўчае. Але з пункту гледжання закона і некаторых людзей гэта недапушчальна.
Еўрарадыё: Калі вашае дзіця калі-небудзь акажацца ў такой сітуацыі, вы таксама закрыеце вочы?
— “Стойка пераносіць усе нягоды і нястачы ваеннай службы, не шкадаваць сваёй крыві і самога жыцця пры выкананні воінскага абавязку” — гэта цытата з Дысцыплінарнага статута Узброеных сіл. А не бегчы скардзіцца бацьку, што крыўдзяць. Армія гартаваць павінная, а не рабіць соплі з людзей. У нас меркаванні разыходзяцца. У вас свая праўда — у мяне свая.
Нагадаем, што службоўцу Ігару Хішчанку выстаўленае абвінавачанне па ч.1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна), арт. 444 (абраза начальнікам падначаленага ў сувязі з выкананнем абавязкаў воінскай службы), ч. 1 арт. 455 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 арт. 455 (перавышэнне паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам), а таксама па ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 455 (замах на перавышэнне ўлады або паўнамоцтваў).
За абразу салдат яму пагражае арышт на некалькі месяцаў, за перавышэнне паўнамоцтваў ці хабар — ад 3 да 10 гадоў калоніі.
Справа Хішчанкі не звязаная са смерцю радавога Аляксандра Коржыча, але была заведзеная пасля праверкі ў Печах.